Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адзначае юбілей

24 марта 2015

Установе чвэрць стагоддзя, але за гэты невялікі тэрмін яна паспела стаць зборам каштоўных экспанатаў. У музеі ёсць карта ВКЛ з пазначэннем тагачасных школьных тэатраў, асабістыя рэчы купалаўцаў, якія пацярпелі крушэнне цягніка пад Томскам, і сямейны фотаархіў бацькі і сына Яроменка. Сюжэт Наталлі Бардзілоўскай.

Музычны завулак, 5 – у самога гэтага сталічнага адраса інтрыгуючая гісторыя. У свой час менавіта ў гэтым старажытным будынку знаходзілася кватэра кампазітара Станіслава Манюшкі і нават прызыўны пункт Мінскай губерніі. Але галоўная таямніца – у 20-ых гадах ХІХ стагоддзя тут быў Дом масонаў і засядала масонская ложа.

Будынак у стылі барока і ранняга класіцызму на высокім цокалі. Ён пабудаваны з цэглы і валуноў і на плане горада выглядае, як масонскі крыж. Але па сённяшні дзень гісторыкі спрачаюцца, ці ў гэтых сценах мясціўся гурт масонаў? І як ён называўся: “Паўночны” ці “Чырвоны факел”? На пачатку ж 90-х загадкавы дом у Верхнім горадзе адрэстаўравалі і сюды ўехаў музей-захавальнік тэатральнай і музычнай спадчыны.

На агульнай плошчы 325 квадратных метраў 10 экспазіцыйных залаў, мемарыяльныя і выставачны пакоі. У 30 тысяч прадметах – аповед пра вытокі тэатральнай і музычнай культуры на беларускіх землях, пра магнацкія тэатры, музыку розных эпох і розных канфесій, знакамітых дзеячаў накшталт Ларысы Александроўскай і Стэфаніі Станюты.

Акадэмія музыкі перадала музею кантрабас XVIII стагоддзя работы Гварнеры. У фондах захоўваюцца экзатычныя народныя інструменты: вухаверткі, пешка-барабаншчык, дуда. Зрэшты, яны не адпачываюць пад музейным шклом – на іх іграюць, як і экспазіцыя беларускай батлейкі жывая. Музей інтэрактыўны.

У Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры два філіялы і два адрасы: Музей гісторыі беларускага кіно па вуліцы Свярдлова і “Гасцёўня Уладзіслава Галубка” на Старавіленскай.