За гандаль дзяржаўнымі ўзнагародамі ўводзяць адміністрацыйную і крымінальную адказнасць

19 апреля 2015

Законапраект на гэтым тыдні адобрылі сенатары. Летась зламыснікі выкралі ордэны і медалі больш як у 20 чалавек. Як правіла, чужыя ўзнагароды прысвойваюць сабе так званыя злодзеі-дамушнікі, а пасля збываюць іх за бесцань. Яны забываюць пра тое, што кожная ўзнагарода - подзвіг.

А колькі яшчэ гісторый у афіцыйную статыстыку МУС не ўваходзяць, калі ордэны і медалі любімага дзядулі прысвойваюць блізкія сваякі, каб дадаць на спіртное або на новы планшэт. Пра вечныя каштоўнасці - Кацярына Шыбко.

Ордэн Айчыннай вайны - за 25 000 рублёў. Узнагароды за подзвіг, як апынулася, можна ўдастоіцца проста каля магазіна ў сталічным мікрараёне Лошыца. Менавіта там Канстанціна Басянкова папрасілі дадаць на спіртное. Наўзамен на нечую ўзнагароду.

А ўжо за кадрам Канстанцін дадае: вярнуць ордэн законнаму ўладальніку яму падказаў сон. Пра гэта ён распавёў свайму сябру. Пасля чаго пошукі героя пачалі ўжо разам.

Наша рэдакцыя адразу ж пагадзілася дапамагчы. Але на той момант мы нават не падазравалі, наколькі пошукі ўладальніка толькі па нумары ордэна будуць доўгімі. Уся справа ў тым, што ўся інфармацыя пра тых, каго ў той час узнагароджвалі, захоўваецца ў расійскіх архівах. Адказы на запыты часам даводзіцца чакаць гадамі. Нават беларускім калегам.

Барыс Гаркавы, дырэктар Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Беларусі: "Адзін з выпадкаў я магу распавесці. У лясным масіве пад Дзяржынскам быў знойдзены ордэн Чырвонай Зоркі. Мы зрабілі запыт у Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі. Ордэнам Чырвонай Зоркі быў узнагароджаны Свечнікаў Міхаіл Паўлавіч. Уся перапіска заняла тры гады, мы шукалі, каму належыць гэтая ўзнагарода".

Прычын ёсць некалькі. Адна з асноўных - частка пошукаў у архівах праходзіць уручную. А гэта мільёны ўзнагародных лістоў. Толькі ордэна Айчыннай вайны, які і дастаўся выпадкова Канстанціну, былі ўдастоеныя каля чатырох мільёнаў чалавек.

Над эскізам ордэна Айчыннай вайны мастакі працавалі ўсяго два дні. На стварэнне гэтай узнагароды было дадзена занадта мала часу. Указ аб заснаванні ордэна быў падпісаны 20 мая 1942 года, і ўжо праз тры дні пра гэта пісалі ва ўсіх франтавых газетах. У выданні "Сын Айчыны" гэта была навіна першай паласы. Тут падрабязна напісана пра тое, за што гэтую ўзнагароду маглі атрымаць.

Спіс уражвае. Можа быць, менавіта таму ордэн Айчыннай вайны стаў першай узнагародай адразу з дзвюма ступенямі. Спецыялісты падзяляюць яго яшчэ па адным крытэрыі: ордэн баявы і юбілейны. У першым выпадку ўзнагароду ўручалі, як правіла, падчас вайны альбо адразу пасля яе заканчэння, у другім - толькі праз 40 гадоў у дзень Вялікай Перамогі. Але незалежна ад таго, калі ордэн дастаўся герою, для кожнага ўдзельніка вайны гэтая ўзнагарода - свой сімвал Вялікай Перамогі.

Галіна Скарынка, намеснік галоўнага захавальніка фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі ВАВ: "Я трымаю не проста ордэн, я трымаю ордэн унікальнай жанчыны Яўгеніі Яўстаф'еўны Сюрковай. У 1944 годзе ўвесну немцы стваралі пад Азарычамі загараджальныя лагеры. Туды зганялі насельніцтва і заражалі тыфам. Дык вось, Яўгенія Сюркова арганізоўвала выратаванне гэтых людзей".

За што дакладна юбілейны ордэн Айчыны другой ступені атрымаў герой, якога пакуль, на жаль, так і не атрымалася знайсці, застаецца таямніцай. Але дакладна вядома: гэты чалавек прайшоў вайну і падарыў кожнаму з нас мірнае неба. Чаму раптам гэты подзвіг пералічылі ў грошы, пытанне, хутчэй, рытарычнае. І, на жаль, частае. Толькі летась у Беларусі зламыснікі выкралі ордэны і медалі больш як у 20 чалавек. Большасць з пацярпелых ветэраны Айчыннай вайны альбо іх сваякі. Як правіла, чужыя ўзнагароды прысвойваюць сабе так званыя злодзеі-дамушнікі падчас рабавання кватэр.

Георгій Яўчар, намеснік начальніка прэс-службы МУС Беларусі: "Ёсць і злодзеі, якія спецыялізуюцца. У прыватнасці, супрацоўнікі крымінальнага вышуку зараз працуюць над раскрыццём двух фактаў, калі дзяўчына пад выглядам карэспандэнта прыходзіла да ветэрана ВАВ перад святам нібы для падрыхтоўкі рэпартажу і там ужо, карыстаючыся няўважлівасцю пажылых людзей, учыняла крадзеж ордэнаў і медалёў".

На фронт будучага хірурга Тамару Лебедзеву прызвалі яшчэ студэнткай. Кожная ўзнагарода на яе пінжаку - падзяка за тысячы выратаваных жыццяў. Складана ўявіць, што ў мірны час частку яе ордэнаў і медалёў, такіх дарагіх сэрцу, асмеляцца выкрасці. Падазроных праваахоўнікі знайшлі адразу. Зламыснікамі апынуліся прахожыя, якіх гаспадыня папытала дапамагчы зняць звесткі з лічыльнікаў.

Узнагароды Тамары Лебедзевай, вядома ж, вярнулі. Большасць падобных гісторый у афіцыйную статыстыку МУС не ўваходзяць, калі ордэны і медалі любімых бабулі і дзядулі прысвойваюць сабе свае ж сваякі, каб дадаць на спіртное або на новы планшэт. Усё збываюць за бесцань. На гэтым беларускім сайце можна набыць праз аўкцыён любую дзяржаўную ўзнагароду. Пачатковая цана некаторых ордэнаў і медалёў - 20 долараў. Каб спыніць амаральны гандаль чужой доблесцю і славай, дэпутаты паўгода распрацоўвалі адпаведны законапраект. На гэтым тыдні яго адобрылі на сесіі Савета Рэспублікі.

У гэтым жа законапраекце прапаноўваецца заснаваць дзве новыя дзяржаўныя ўзнагароды - ордэн Працоўнай Славы і медаль "За выратаванае жыццё". Акрамя гэтага, з'явяцца і новыя званні - народны настаўнік і народны ўрач Беларусі.

Зрэшты, для таго, хто робіць вялікую справу, для кожнага з нас важная не сама ўзнагарода, а хутчэй, тое, што яна для яго значыць асабіста.

Наша здымачная група будзе працягваць пошукі ўладальніка ордэна Айчыны. І калі атрымаецца яго адшукаць, мы абавязкова распавядзем вам пра гэта ў эфіры "Беларусь 1".

Бо для героя гэтая ўзнагарода - сімвал памяці, якая не прадаецца.