Фонды Музея старабеларускай культуры папоўнілі адразу 500 экспанатаў

29 января 2019

Гэта абразы, прадметы этнаграфіі і кнігі, якія перадаў у дар мастак і калекцыянер Анатоль Кузняцоў. Больш за тое, ужо сфарміравана новая выстава. Усе падрабязнасці ў Наталлі Бардзілоўскай.


Мінчанам, асабліва прыхаджанам храма Уваскрэсення Хрыстовага, што ў раёне Зялёнага Луга сталіцы, ужо паўтара дзясятка гадоў вядомая каменная галерэя пад адкрытым небам. На вялікіх і малых валунах выявы святых, боскія лікі. Аўтар гэтых твораў - Анатоль Кузняцоў. Мастак распісаў ужо за 850 каменных паверхняў. Але гэта не мяжа. Аўтар працягвае адгадваць у рэльефах цвёрдых парод праваслаўныя вобразы.
Жывых асоб у камяні сам ён бачыць і без малюнка. Таму контуры і сілуэты, акрылавая падфарбоўка больш для гледача. Працу над каменнымі творамі Кузняцоў пачаў у 2003-м. Перад гэтым падглядаў за працай рэстаўратараў. Некалькі ўласных спроб пісаць на валунах - і ў майстра з’явіліся прыхільнікі.
Міні-копіі распісаных валуноў зараз на зялёным экспазіцыйным аксаміце. Спецыялісты музея наўмысна абралі для каменных мініяцюр дарагі фон, тым самым падкрэслілі: творы самадзейнага аўтара (Кузняцоў не мае спецыяльнай мастацкай адукацыі) - каштоўнасць, якая ў фондах старажытнабеларускага мастацтва самабытная і не менш арыгінальная за рарытэты мінулых вякоў.
Смела і ад душы. Кузняцоў прынёс музейшчыкам свой уласны іканапіс. Большасць абразоў Багародзічныя. Не зусім кананічныя. Мастак ведае правілы, але малюе лікі вольна.
Экспанаты Кузняцова ўжо зацікавілі навукоўцаў. Так, распісаныя камяні мастака асновай для даследчага артыкула возьме знакаміты этназнаўца Іван Крук.