Фестываль нацыянальных культур сёння праводзіць Гродна

4 июня 2016

Сёлета горад над Нёманам сабраў прадстаўнікоў 37 народнасцяў. Гэта як нашы найбліжэйшыя суседзі: рускія, палякі, украінцы, літоўцы, латышы, - так і госці з далёкіх краін: Кітай, ЗША, Вялікабрытанія, Венесуэла, Карэя, Іран, Ліван.

Апошнія падрабязнасці з фестывальнага Гродна - у Дзмітрыя Смірнова. Фестывальны тэмп у Гродне не сціхае і ў гэтыя хвіліны. На свяце сабраліся тысячы гасцей і ўдзельнікаў. Гродна сёння нагадвае адну яркую палітру нацыянальнасцяў - тут побач з літоўцамі і грузінамі сустракаюць гасцей на падворках амерыканцы і венесуэльцы.

Па традыцыі фестываль адкрыўся ўрачыстым шэсцем прадстаўнікоў 37 нацыянальнасцяў. Праходжанне кожнай дэлегацыі больш нагадвала тэатральную або харэаграфічную пастаноўку.

Быў нават спецыяльна створаны да свята залаты кітайскі цмок. І гледачы ацанілі арганізаваны паказ. Вакол удзельнікаў утварыўся сапраўдны жывы калідор.

Кожны фестываль нацыянальных культур заўсёды чымсьці сімвалічны. Сёлета такім стала адкрыццё: дзеці абвясцілі ўрачыстую фразу "Фестываль аб'яўляецца адкрытым" на розных мовах свету.

Асаблівасцю свята лічацца нацыянальныя падворкі. У гэтыя два дні ў Гродне літаральна ад Карэі да Англіі не больш як 200 метраў. Іспанцы на адной вуліцы з венесуэльцамі. І паўсюль дзясяткі розных моў, якія нават госці разумеюць хутка. Асабліва падчас дэгустацыі нацыянальных страў. Як прызнаюцца шматлікія, такія фестывалі сціраюць любыя межы.

На два дні гэтае свята цалкам захапіла ўвесь цэнтр Гродна. Фестываль сёння працягнецца да глыбокай ночы. Гледачоў яшчэ чакае кінатэатр пад адкрытым небам, феерверк, канцэрты на гарадскіх пляцоўках. Іншымі словамі, нават самым патрабавальным ёсць з чаго выбраць. Але самае прыемнае, што заўтра свята працягнецца.