Фестываль нацыянальнага арнаменту ў Мінску стартаваў Днём вышыванкі

2 июля 2018

Зрэшты, святочны марафон напярэдадні галоўнай урачыстасці краіны ўжо сёння стартаваў Днём вышыванкі. Яго сімвал - нацыянальны арнамент. Мудрагелісты ўзор-шыфр здаўна лічыўся своеасаблівым абярэгамі, уласна, "пропускам" на свята. Галоўная ўмова дрэс-кода - вопратка з беларускім арнаментам. У сталіцы маштабны оўпен-эйр прайшоў на пляцоўцы ля Палаца спорту. Там разгарнуўся горад майстроў, канцэрт творчых калектываў, літаратурныя гасціныя, фотазоны... На свяце працавала і наша здымачная група.

Расказвае Юлія Токар.

Сёння пляцоўка ля Палаца спорту стала найбуйнейшай арт-прасторай. Дзень вышыванкі, нягледзячы на надвор'е, аб'яднаў некалькі соцень беларусаў. Адмысловы дрэс-код (тут кожны апрануў сукенку, кашулю з нацыянальным арнаментам) вельмі ўдала дапаўняюць парасоны і гумовыя боты. Дождж настрой зусім не сапсаваў. І мне здаецца, што вышыванка хутка стане не толькі трэндам, але і сапраўдным мэйнстрымам у гардэробе кожнага беларуса.

Сёння падчас оўпен-эйраў па ўсёй краіне спявалі і танцавалі на сотнях канцэртных пляцовак. Галоўная, зразумела, у сталіцы. У горадзе майстроў вучылі ткацтву, кавальскай справе. А музыкант Вячаслаў Якавенка - ігры на сваёй "прыдняпроўскай" свістульцы. Цацка "спявае" галасамі розных жывёл і птушак.

У літаратурнай гасцёўні - прапаноўвалі батлейку і чытанне вершаў. А пакаштаваць Беларусь на смак можна было на фуд-кортах і ў міні-аграсядзібах. І невыпадкова фолк-фестываль нацыянальнага арнаменту ладзіцца напярэдадні Дня Незалежнасці. Вышыванка - не столькі сімвал славянскага ўзору, колькі пачатак яднання і гісторыі, якой хочацца ганарыцца ўсёй краінай.