Фестываль народнай творчасці Мінскай вобласці сабраў таленты ў Мар'інай Горцы

13 октября 2014

Напеў зямлі маёй… Фестываль народнай творчасці Мінскай вобласці адзінаццаты раз сабраў таленты ў Мар'інай Горцы. Конкурс аб'яднаў каля трыццаці аматарскіх калектываў. Фальклорныя ансамблі, узорныя духавыя аркестры, заслужаныя аматарскія калектывы - на сцэне гучалі лепшыя творы народнай творчасці.


Юлія Токар - з пляцоўкі творчага форуму. Сцэну Дома культуры ў Мар'інай Горцы на некалькі гадзін захапіла жанравая палітра народнага мастацтва: вакальна-харавое, харэаграфічнае. У конкурснай праграме прынялі ўдзел лепшыя аматарскія калектывы з усіх раёнаў Мінскай вобласці. Сярод іх як вядомыя ансамблі, так і новыя. Яны таксама здзіўлялі сваёй адметнасцю.


Гуслі, цымбалы, гармонік - удзельнікаў аб'ядноўвае любоў да народнай творчасці. Колькасць артыстаў канцэрта набліжаецца да тысячы. За адзінаццаць гадоў фестываль атрымаў сталую прапіску на багатай талентамі пухавіцкай зямлі.


Фестываль з'яўляецца своеасаблівым экзаменам для калектываў і іх кіраўнікоў. Ансамбль сям'і Бойка стаў, бадай, самым адметным на творчым форуме. Трынаццаць галасоў, што гучаць ва ўнісон. У рэпертуары - народныя песні продкаў. Калектыву амаль паўстагоддзя! Сямейныя традыцыі з гонарам пераймаюць і малодшыя.


На гэтым форуме народных талентаў Гран-пры падзялілі два любанскія ансамблі. А на першым фестывалі такой узнагароды былі ўдастоены чатыры калектывы. Дарэчы, пачынаючы з 2001 года, абласны фестываль праводзіцца штогод. І нязменна Мар'іна Горка сардэчна прымае таленавітых гасцей.