"Еўрабачанне-2016". Стакгольм на найбліжэйшыя дні стане музычнай сталіцай усяго свету

8 мая 2016

Ну, а зараз адпраўляемся ў Стакгольм, які на найбліжэйшыя дні стане музычнай сталіцай усяго свету. Напярэдадні тут стартаваў еўратыдзень. Ужо ў аўторак у Швецыі пройдзе першы паўфінал галоўнага песеннага конкурсу Еўропы. Наш прадстаўнік - Ivan - выступіць у другім - 12 мая.

Краіна, якая атрымлівае права правесці гэткае маштабнае шоу, рыхтуецца да яго цэлы год. У стварэнні музычнага свята задзейнічаныя найноўшыя ў гэтай індустрыі тэхналогіі, якія здольныя здзівіць нават самых спрактыкаваных гледачоў. Нямала сюрпрызаў арганізатары падрыхтавалі і сёлета. Якія? Убачыў наш спецыяльны карэспандэнт Яўген Перлін. Ён прама зараз на сувязі са Стакгольма.

Беларуская дэлегацыя прыляцела ў Швецыю ў панядзелак у абед. І ў нашага Ivanа быў усяго дзень на акліматызацыю перад жорсткім графікам рэпетыцый. Тут клімат вельмі небяспечны - асабліва для вакалістаў. Днём каля 20 градусаў, а ўвечары - усяго 6-7 цяпла. Ivan, дарэчы, з гэтай прычыны п'е асаблівую гарбату - яе рэцэпт ён апублікаваў у сябе ў "Інстаграме".

Беларуская каманда кожны дзень па-за залежнасцю ад графіка пачынае з вакальнай рэпетыцыі. Чаму каманда? Ivan спяваць будзе не адзін. Гледачы не ўбачаць, але на сцэне будуць знаходзіцца яшчэ пяць бэк-вакалістаў, якія зробяць гучанне яшчэ багацейшым. Дык вось, рэпетыцыі праходзяць яшчэ і па сцэнічнай частцы. Нумар Сашы Іванова - ужо назвалі самым тэхналагічным за ўсю гісторыю Беларусі на "Еўрабачанні".

У сераду ў Ivana адбылася першая індывідуальная рэпетыцыя на галоўнай сцэне. Кожнай краіне вылучаюцца 30 хвілін для таго, каб некалькі разоў прагнаць нумар і паспрабаваць розныя варыянты здымкі. Пасля гэтага спецыялісты па графіцы ў беларускай дэлегацыі трохі адкарэкціравалі нумар.

Здымку нумара літаральна па кадрах разбіраюць вось у такім пакоі. Вялікі экран - агульны зведзены гук. Тут рэжысёр, артыст і кіраўнік дэлегацыі могуць выказваць свае пажаданні. А другая рэпетыцыя адбылася літаральна ўчора, і нумар ужо набыў фінальныя абрысы. І самае галоўнае, шведскія рэжысёры зразумелі, як трэба зняць так, каб паказаць усю магію сюжэту беларускага ўдзельніка.

Ivan зараз адпачывае, бо заўтра рэпетыцыі працягнуцца. А ўвечары мы рыхтуем для ўсёй краіны невялікі сюрпрыз-віншаванне са Стакгольма да Дня Перамогі.