Гэтая мастачка вядомая сваёй самабытнай жывапіснай мовай

4 июня 2015

Яна ўлюбёнка сталічнай багемы і прадаўжальніца знамянітай дынастыі. Элеанора Бубашкіна. Яе камерная выстава праходзіць зараз у галерэі Саюза мастакоў. У экспазіцыі партрэт, пейзаж і нацюрморт, і за кожным - гісторыя яе жыцця.

Больш падрабязна Наталля Бардзілоўская.

Выстава пасля амаль дзесяцігоддзя маўчання. Прафесійны мастак і педагог Элеанора Бубашкіна прадэманстравала тры дзясяткі сваіх карцін. У іх – свет, які апошнімі гадамі для аўтара набыў нарэшце аптымізм і мажорнае гучанне. Жанчына, на лёс якой выпала асабістая драма, сёння ў кветкавых нацюрмортах, сонечных пейзажах і партрэтах з тварамі дзяцей і ўсмешкамі жанчын.

У экспазіцыі яе новыя карціны, дзе пануюць светла-крэмавы і залацісты колеры. Тут і палотны з мінулага – цёмна-шакаладныя. Карычневыя фарбы – шлейф настрою з мінулага сям’і-дынастыі Бубашкіны-Уродніч. У ліхія 90-я Элеанора страціла мужа: выпускнік Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі, вучань Баталава папулярны акцёр Андрэй Бубашкін прапаў без вестак за мяжой. Справа не закрытая па-сённяшні дзень. Ужо вырас іх сын. Усе гэтыя гады свае пачуцці мастачка перажывала ў майстэрні і за гады напісала з сотню работ!

У знак надзеі яна засталася на прозвішчы мужа. Але ў мастацкім асяроддзі па-ранейшаму ўспрымаецца хутчэй як прадаўжальніца вядомай беларускай дынастыі. Бацька – мастак Уладзімір Уродніч. Час яго службы ў Міністэрстве культуры – асаблівая старонка развіцця беларускага мастацтва. Як дэкан мастацка-графічнага факультэта Акадэміі мастацтваў выхаваў не адно пакаленне вучняў. Да таленавітай жа дачкі быў і застаецца асабліва строгім.

Больш за 20 гадоў яна сама педагог. Элеанора выкладала ў Глебаўскім мастацкім вучылішчы, сёння вядзе ўрокі малюнка, кампазіцыі і жывапісу ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка. Нягледзячы на шчыльны настаўніцкі расклад ездзіць на пленэры ў Польшчу, Славакію, Францыю, Украіну.