Дзень адчыненых дзвярэй сёння ў Вялікім тэатры Беларусі

25 мая 2018

Касцюміраваныя парады, сімфанічны аркестр у фармаце open-air і экскурсія на 24 метрах над сцэнай. Вялікаму тэатру Беларусі сёння 85.

На сувязі са студыяй Дар'я Тарасава (прамое ўключэнне).

Уваход у тэатральныя кулуары строга забаронены, але толькі не сёння. Яшчэ некалькі гадоў таму дзень адчыненых дзвярэй задумваўся Вялікім тэатрам хутчэй як эксперыментальная акцыя. Зараз гэта традыцыя. Зірнуць на галоўную акадэмічную сцэну краіны сёння сабралася рэкордная колькасць наведвальнікаў - больш за 4 тысячы чалавек. Праваднікамі ў свет закулісся выступаюць 30 экскурсаводаў. Кожны тэатральны маршрут пабудаваны такім чынам, каб групы не перасякаліся адна з адной.

Толькі ў фае Вялікага ахоплена адразу некалькі тэатральных блокаў. Зараз тут можна прымерыць касцюмы з нашумелага спектакля Аляксандра Цітэля "Багема", даведацца, як бутафоры ствараюць дэкарацыі, пераўвасобіцца ў персанажаў репертуарных спектакляў. Добрая навіна - толькі сёння з тэатральным рэквізітам дазволена рабіць сэлфі. Даступныя фотазоны ў тэматыцы оперы "Сельскі гонар" і балета "Ор і Ора". Словам, максімум інтэрактыву. Святочную атмасферу ствараюць музычныя калектывы, сярод іх і стажорская група Вялікага.

Для зацікаўленых тэатральнай кухняй у камернай зале імя Аляксандраўскай - творчыя сустрэчы ў фармаце пытанне-адказ. Гледачы ўжо сустрэліся з галоўным рэжысёрам тэатра, а прама зараз размаўляюць з балетмайстрам-пастаноўшчыкам Аляксандрай Ціхаміравай. Спасцігнуць прафесію можна і на майстар-класах, якіх адначасова больш за 10. У праграме класічны экзэрсіс, клас па вакале, гульні на ўдарных. Упершыню да шырокага спісу дадаўся занятак па акцёрскім майстэрстве ў оперным спектаклі, урок мімансу. Педагогі ў наведвальнікаў дня адчыненых дзвярэй сапраўды зорныя. Сярод іх заслужаныя і народныя артысты Беларусі.

Для тых, хто не паспее наведаць дзень адчыненых дзвярэй, які завершыцца ў 16 гадзін, у Вялікім - вячэрні спектакль. Свой 85-ы юбілей тэатр адсвяткуе культавай "Кармэн". Вялікі літаральна вернецца ў мінулае, бо менавіта гэтая пастаноўка ў далёкім 33 годзе стала першай прэм'ерай тэатра. Дзень нараджэння не абыдзецца без знакамітых гасцей. Ужо сёння на беларускай сцэне ў партыі Кармэн выступіць французская прыма - салістка опернай трупы Вялікага тэатра Жэневы, уладальніца мецца-сапрана Аліма Мамдзі.