CIRQUE DU SOLEIL пачаў свае першыя гастролі ў Мінску

26 сентября 2013

У беларускую сталіцу легендарная трупа прывезла адну з першых і найболей папулярных пастановак - Алегрыя, што ў перакладзе значыць радасць, урачыстасць. Пышнае і адначасова небяспечнае шоу выконваюць артысты з 15 краін, сярод якіх і 3 беларусы.
Як яны змаглі трапіць у вядомы цырк і якія інструкцыі артыстам выдаюць перад выступленнем - даведалася Іна Пілевіч.


Спартзалу прамяняў на купал цырка. Майстар спорту па гімнастыцы Вячаслаў Петракоў 5 гадоў таму пайшоў у артысты CIRQUE DU SOLEIL. Мінчанін 7 месяцаў навучаўся акцёрскаму майстэрству ў канадскім Манрэалі, дзе базуецца штаб-кватэра трупы, і зараз выступае ў шоу Алегрыя. У родны горад як артыст прыляцеў упершыню і за некалькі дзён да шоу. У вольны ад рэпетыцый час робіць калегам экскурсіі па беларускай сталіцы.


Выступалі на прэміях Оскар і Грэмі, адкрывалі Еўрабачанне. Калі першапачаткова трупа CIRQUE DU SOLEIL налічвала 20 вулічных артыстаў, то сёння ў штаце 4 тысячы чалавек. Даюць розныя праграмы ў розных месцах свету - як на здымных пляцоўках, так і пад сваім шатром. У Мінску аўтаномным складам у сотню чалавек.


Скрыня тушы, скрыня пудры, скрыня памады. Усё для асабістага карыстання артыстаў. Пасады грымёр у цырку няма. Артысты наносяць дэкаратыўную касметыку самастойна, у сярэднім гэтая складаная працэдура займае 40 хвілін.


55 артыстаў і столькі ж абслуговага персаналу! Так, да прыкладу, з выканаўцамі падарожнічае цэлы штат краўчых. Пасля кожнага выступлення прыводзяць уборы ў парадак. Самы складаны касцюм - птушкі. На яго стварэнне пайшло 200 гадзін.


За шоу Алегрыя артысты мяняюць больш за 7 сотняў прадметаў гардэробу. Дызайнерскія парыкі, маскі, капялюшы - для іх беражлівай ачысткі трупа нават гастралюе са сваімі пральнымі машынамі. Наогул, багаж гэтага шоу важыць 45 тон. У Мінск яго даставілі 22 гіганцкія грузавікі.


Трыумф акрабатыкі, гімнастыкі і танца пад жывую музыку. Сольныя і групавыя нумары сплеценыя казачным сюжэтам. Шоу пад назвай Алегрыя або Радасць - гэта гісторыя пра бітву пакаленняў, супраціўленне юнацтва і сталасці. За некалькі тыдняў да шоу білеты разабраныя. Ахвочых убачыць гэтае шоу столькі, што вырашана даць дадатковыя спектаклі!