Каб пабываць у Белавежскай Пушчы, у Беларусь едуць турысты з усяго свету

2 сентября 2019

З паўночнага рэгіёна пераносімся на поўдзень краіны, дзе ўсё часцей у  топе навін  беларускі Брэст, які рыхтуецца адзначыць сваё 1000-годдзе. Гаворачы  пра яго, абавязкова ўспамінаецца Белавежская Пушча. Яе апявалі паэты і малявалі мастакі. Дзеля гэтага помніка прыроды ў Беларусь едуць турысты  з усяго свету. Пра нацыянальную прыродную спадчыну больш  падрабязна раскажа  Алена Борматава

Апошні стараўзроставы раўнінны лес Еўропы з захаванай экасістэмай. Белавежская Пушча знаходзіцца на стыку дзвюх геабатанічных зон - шыракалісцевай еўрапейскай і еўраазіяцкай хваёвай. Якасць прыроднага асяроддзя  вызначае мох.

Гэтая частка пушчы - палігон для навуковых даследаванняў. Павал  тут не прыбіраюць, за ім назіраюць. І малююць. Эцюд Шышкіна канца XIX стагоддзя. Карціна ў фондах Нацыянальнага музея Беларусі. Гэта замалёўка да вялікага палатна. Якога – цяжка сказаць. Упершыню эцюд выстаўляўся ў Пецярбургу ў 1893 годзе. 

Першыя законы аб запаведнасці  пушчы былі выдадзены яшчэ ў XV стагоддзі пасля таго, як тут нарыхтавалі правіянт для шматтысячнага войска, якое змагалася пры Грунвальдзе. Усе імператарскія асобы для палявання выбіралі Белавежскую Пушчу. І сёння існуе Царская паляна, дзе збіралася эліта таго часу. Дарэчы, дазвол на паляванне можна было атрымаць, заплаціўшы 100 рублёў серабром. Гэта вельмі вялікія грошы. Карова, напрыклад, каштавала рубель.

Катастрафічным для пушчы стаў перыяд Першай сусветнай вайны. Яна была пад акупацыяй,  праводзілася знішчэнне стараўзроставых дрэў. Было высечана некалькі мільёнаў кубаметраў драўніны. А для яе транспарціроўкі пабудавана 330 кіламетраў вузкакалейнай чыгункі.

Сёння замест вузкакалейкі асфальтаваныя дарожкі. Па беларускай тэрыторыі. Навукоўцы на працягу дзесяцігоддзяў фіксуюць натуральны працэс - эвалюцыю лесу, бо з мёртвай драўнінай звязана прыродная біяразнастайнасць. Толькі беспазваночных жывёл тут налічваецца 12 тысяч.

Запаведная тэрыторыя пушчы - сюды можна трапіць толькі па прапусках. Тут забаронена збіраць грыбы і ягады, але можна праводзіць даследаванні маніторынгавага характару (гэта значыць не браць з прыроды біялагічныя віды). Зрэдку праводзяць экалога-адукацыйныя экскурсіі. 

Існуе яшчэ і зона сусветнай спадчыны. Тая частка пушчы, дзякуючы якой гэты рэліктавы лес быў унесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта адбылося двойчы -  у 1993 і ў 2014. Працягласць беларускай часткі Белавежскай Пушчы з поўдня на поўнач - прыкладна 100 кіламетраў. Гэта 150 гектараў на тэрыторыі дзвюх абласцей і трох адміністрацыйных раёнаў.