"Чатыры асобы" Аляксея Шышко: выстава ў галерэі "Універсітэт культуры"

1 августа 2023

Нягледзячы на сезон водпускаў і летняга адпачынку, сталічная галерэя "Універсітэт культуры" не спыняе сваю работу і запрашае гледачоў на выставы і творчыя сустрэчы. Новы праект установы - адкрытая экспазіцыя Аляксея Шышко, беларускага аўтара, які прапанаваў арыгінальную падачу свайго мастацкага матэрыяла і прадстаў перад наведвальнікамі-галерыстамі адразу ў некалькі арт-кірунках. Наталля Бардзілоўская пабывала на вернісажы.

Фатограф, архітэктар, дызайнер і акварэліст - гэта ўсё адзін чалавек. Аляксей Шышко арганізаваў мультывыставу ва ўсіх чатырох галерэйных залах і тым самым нібыта вырашыў паспрачацца рознабаковымі сваімі талентамі і прапанаваў гледачам вызначыць самы моцны свой бок. Тут адназначнасці няма. Напрыклад, сябра і калега Аляксея прафесар Аляксандр Трусаў лічыць, што ролю Шышко ў мастацтве можна акрэсліць агульна - ён проста ўпрыгожвае свет!

Чатыры іпастасі. Але найбольш моцны Аляксей Шышко - дызайнер ! Менавіта ў тым кірунку, якому ён прафесійна навучаўся. Мастак - аўтар і рэалізатар канцэптуальных праектаў, інтэр'ераў для ўстаноў, для прыватных заказчыкаў не толькі Беларусі, але Расіі, Казахстана і іншых краін.

Пра дызайн і архітэктуру сам аўтар кажа: гэта найперш бізнес-праект, якім зарабляе на жыццё, і які, відавочна, карысны і патрэбны людзям. А вось тое, што для душы, што дае натхненне, настройвае на рамантычны лад - гэта пейзажы. Яны напісаны ў складанай выяўленчай тэхніцы: акварэль.

Калі колер, то фіялетавы ці сіні, калі час дня, то вечар альбо золак, калі пара года - восень, зіма, вясна, поўныя паўтонаў і размытых адценняў. Акварэллю Шышко піша кветкавыя букеты, але больш у яго краявідаў. Пазнавальныя вобразы беларускай сталіцы, мясціны вакол Мінска, напрыклад, славутыя Строчыцы. Блакітныя азёры Віцебскага краю. І малая радзіма Аляксея Шышко - гродзенская зямля.

Акрамя выяўленчага мастацтва шматгранны Аляксей Шышко захоплены музыкай! Сябры жартуюць - час ладзіць канцэрт і запрашаць на сустрэчу з непаўторнымі аўтарскімі мелодыямі.