"Бывайце здаровы, жывiце багата!"

28 февраля 2016

Сёння ў Інтэрнэце - ды яшчэ з такой хуткасцю - можна знайсці ўсё, што заўгодна: любую навіну, кнігу, песню. Зараз ужо цяжка ўявіць, але калісьці, напрыклад, меламаны маглі разлічваць толькі на ўласную памяць. Прагучала песня з радыёпрыёмніка і ўсё: запомніў - напяваеш, а забыў - і ўжо хвалюешся!

Зрэшты, калі гэта быў шлягер, то яго матыў разлятаўся па вялізнай краіне з хуткасцю, якой мог бы пазайздросціць нават сучасны Інтэрнэт. Так калісьці і адбылося з песняй "Бывайце здаровы,жывіце багата!".

Усесаюзнае гучанне.

"А як жа! - скажаце вы, - народная песня". І памыліцеся. Аказваецца, у гэтай песні заўсёды быў аўтар, але перш, чым яму ўдалося абараніць сваё права на шэдэўр, і яму, і песні давялося перажыць многа.

Каб дабрацца да вытокаў легендарнага матыву, які ўжо шмат гадоў напяваюць народы былога Саюза, Наталля Бардзілоўская правяла сваё ўласнае расследаванне.

Беларускамоўная песня - у кнізе па-руску. Гэтак жа яна прагучала ў святочным радыёэфіры. Прэм'ера - у навагоднюю ноч з 1936 года на 1937. З раніцы увесь Саюз заспяваў «Бывайце здаровы...» Хаця па-руску трэба - «будьте!» Усё спісалі на рускі дыялект.

Без перакладу гучыць і тыпова беларускае «да дому - да хаты». Нікога не бянтэжыць. Кожная з саюзных краін песню перакладае на свае мовы, развіваюць сюжэтныя лініі.

Застольную музыку, хоць і прымалі за народную, але аўтарства ў прафесійных колах ніколі не выклікала спрэчак. Беларус Любан, які ў той час жыве ў Маскве. У той даваеннай брашуры, дзе ўпершыню змяшчаецца песня, так і падпісана: кампазітар Ісак Любан, а аўтар слоў - увага - Міхаіл Ісакоўскі.

Сапраўдны ж аўтар слоў тады жыў у Ленінградзе. Адам Русак з Беларусі, які паступіў у Ленінградскую кансерваторыю, потым саліраваў на валторне ў малым тэатры Ленінградскай оперы. Мала хто з калег здагадваўся, што, вярнуўшыся з рэпетыцый ці канцэртаў, малады музыкант складаў вершы. Вершаваны шэдэўр, які хутка назавуць народным, ён перш-наперш паказаў маці. З Ленінграда на Беларусь радкі «Бывайце здаровы…» адправіліся лістом ў звычайным канверце.

Гімн гасціннасці – яго карані тут, у вёсцы Пясочнае Капыльскага раёна. Мы – на вуліцы Адама Русака, дзе нарадзіўся аўтар слоў, беларускі і пераканаўча беларускамоўны паэт. На жаль, яго бацькоўская хата не захавалася. Затое ў гэтым, здавалася б, невялічкім мястэчку адразу два «музейныя прынашэнні» славутаму земляку.

Мемарыяльны пакой з ўласнымі рэчамі Русака — у мясцовым клубе. І галоўны гонар гарадка — экспазіцыя ў краязнаўчым музеі. Тут, па вуліцы Ленінскай 10, сам паэт бываў неаднаразова. У гэтым мястэчку, вядома ж, песня земляка – неафіцыйны гімн.

З вёскі Русак едзе ў Мінск, паступае ў музычны тэхнікум. У той жа час прыедзе і Любан з Магілеўшчыны. Гавораць, будучы кампазітар пры паступленні не ведаў нават нот. Гэта потым ён напіша яшчэ знакамітае «Вып'ем за Родіну, вып'ем за Сталіна...»! Сябры, хоць раз'едуцца па розных гарадах, будуць пісаць адно аднаму. Калі Любан задумае лірычны цыкл пра Беларусь, Русак прапануе яму «Бывайце здаровы...»

Легендарны адэсіт правязе беларускі хіт ад эстрады да шпіталяў Вялікай Айчыннай вайны. «Бывайце здаровы…» на франтах праспявае і Ларыса Александроўская. Прыма беларускай оперы мела аўтарытэт, заўсёды адстойвала: у песні не абагульнены ананімны аўтар.

І ўсё ж, нягледзячы на перапетыі, звязаныя з песняй, І Русак, і Любан засталі, калі іх шэдэўрам заканчвалі урадавыя канцэрты. Калі песню спявалі і акадэмічныя хары, і мулявінскія «Песняры». І , мабыць, нават цешыліся, калі іх песню, няхай і памылкова, называлі народнай.