Буквару спаўняецца 400

28 марта 2018

Зусім нядаўна нашы даследчыкі даказалі, што падручнік пад такой назвай першымі ў свеце выдалі менавіта беларусы. Спецыяльна да юбілею кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы ўжо заўтра адкрыецца маштабная выстава. У экспазіцыі сабраны старажытныя падручнікі, дзённікі і сшыткі, а таксама прыстасаванні для пісьма. Як вучылі чытаць чатыры сотні гадоў назад - у рэпартажы Іны Пілевіч.

Замест «Мама мыла раму» - малітва. Уладальнікі першых буквароў вучыліся чытаць па рэлігійных тэкстах. Гэтаму сведчыць змест самага старажытнага на нашых землях падручніка. Буквар 1767 года выдання - экзэмпляр рэдкі. Такіх у свеце толькі два - у фондзе Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі і нашай Нацыянальнай.

Буквар як вынаходніцтва беларусаў. Літаральна некалькі гадоў таму айчынныя даследчыкі даказалі, што ў першай кнігі ў свеце пад такой назвай - нашы карані. Падручнік быў надрукаваны чатыры сотні гадоў таму ў Еўі. У той жа тыпаграфіі выдаваў сваю знакамітую граматыку Мялецій Сматрыцкі. Беларускага асветніка лічаць адным з верагодных аўтараў кнігі.

Самы старажытны ў свеце Буквар дайшоў да нашага часу толькі ў двух экзэмплярах. Поўны знаходзіцца ў лонданскай бібліятэцы «Міддл Тэмпл», а часткова захаваны - у Каралеўскай бібліятэцы Даніі. Дарэчы, электронная версія апошняга зусім нядаўна была даслана ў Мінск. Вось той самы тытульнік. Хутка яго змогуць патрымаць у руках чытачы - рыхтуецца да выдання факсімеле Буквара.

Прывесці арыгіналы на радзіму плануецца акурат да юбілею Буквара. А пакуль Нацыянальная бібліятэка прэзентуе ўвесь спектр літаратуры па навуцы чытання - ад Аз да Іжыцы. У розныя часы свае ўласныя падручнікі выпускалі такія зоркі айчыннай літаратуры, як Цётка, Каганец і Колас.

Маленькія беларусы асвойваюць азбуку па лепшым падручніку сучаснага і мінулага стагоддзя. Буквар айчыннага класіка Анатоля Клышкі - таксама ў экспазіцыйнай вітрыне. Перавыдаваўся больш за два дзясяткі разоў не толькі на беларускай, але і рускай, польскай мовах. Гэта больш чым кніга для чытання па складах. У немудрагелістых фразах для першакласнікаў - сапраўдная энцыклапедыя прыроды і культуры краіны.