Брэсцкую Біблію ўпершыню прэзентавалі ў Брэсце

24 сентября 2019

Гараджанам паказалі самую таямнічую і дарагую кнігу Беларусі. Яе надрукавалі ў 1563 годзе на грошы князя Мікалая Радзівіла Чорнага. Старажытная друкарня знаходзілася на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Нашы продкі верылі, што горад, у якім была выдадзеная Біблія, ахоўваецца Богам. Сёння Брэсцкая Біблія выклікае вялікую гістарычную і навуковую цікавасць, яна лічыцца помнікам сусветнага кнігадрукавання. Яе ўнікальнасць - у якасці выканання і гравюрах. Да нядаўняга часу на радзіме кнігі была толькі частка арыгінала. А сёння ўсе ахвотнікі маглі пагартаць вытанчаную копію выдання. За чатыры стагоддзі святыню ахутала нямала таямніц. Некаторыя з іх раскрылі на прэзентацыі.

А хутка на ўсеагульны агляд выставяць арыгінал Бібліі - яго Брэсту падарыў Кіраўнік дзяржавы падчас святкавання тысячагоддзя горада. Месца, дзе зараз захоўваецца знакамітае выданне, трымаюць у строгім сакрэце. Зрэшты, як і яго кошт. Паводле слоў гісторыкаў, гэта застанецца адной з таямніц кнігі.