Вялікі тэатр Беларусі па той бок куліс

25 мая 2016

У дзень нараджэння ён расчыніў для ўсіх ахвотнікаў тры тысячы дзвярэй. Сёння Вялікі тэатр Беларусі адкрыў для публікі не глядзельную залу, а вытворчыя цэхі, аркестравую яму, склады і рэпетыцыйныя класы. Праект прымеркаваны да Года культуры і 83-годдзя балетнай і опернай трупы. Колькі кіламетраў тканіны ідзе на заслону і навошта на сцэне фура - у рэпартажы Іны Пілевіч.

Вялікі тэатр Беларусі па той бок куліс. У галоўных ролях рэаліці-шоу не артысты, а мастакі, механікі, бутафоры, краўцы, грымёры. Тыя, хто звычайна застаецца за сцэнай, знаёмяць гледачоў са сваімі буднямі. Сёння публіцы прапануюць прайсці не ў партэр, а па заблытаных лабірынтах 11-павярховага храма оперы і балета. І гэта ўсяго за 5 гадзін экскурсіі. Ля параднага ўвахода чакаюць адразу 16 гідаў.

Наталля Акініна, салістка Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: "Трэба абавязкова быць таленавітым чалавекам, каб бачыць і сутнасць акцёра, і ў тое ж самы час стварыць такі грым, які б перадаваў сутнасць персанажа. Мы ж усе розныя. Вось зараз я, жанчына, станаўлюся на вашых вачах мужчынам - зялёным міністрам".

Уладзімір Грыдзюшка, гендырэктар Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: "Усё ідзе ў звычайным рэжыме. Было б няправільна, калі б мы свядома, спецыяльна пад дзень адчыненых дзвярэй рыхтавалі закуліссе. Па-першае, мы не можам дазволіць сабе такую раскошу таму, што ў нас пастаянна ідзе творчы працэс. Сцэна спланавана, кожны дзень заняты".

Адна фура для оперы, другая - для балета. І гаворка ідзе зусім не пра аўтамабілі. Так на тэатральнай мове называюць пакрыццё сцэны. Выпрабаваць яго публіцы дазваляюць не ў пуантах, а ў звычайным абутку. І ўсё роўна ўтрымацца на нагах няпроста, адчуваецца, што падлога няроўная. Сцэна нахілена на 4 % да залы. Каб нават з задніх радоў можна было разгледзець, як цягне насок кожны артыст кардэбалета.

Гледачам дазволілі патаптацца па мяккай дэкарацыі. Падлога гэтага вялізнага памяшкання выкарыстоўваецца як мальберт. На ёй палатно разбіваюць на квадраты, каб не заблытацца ў яго гіганцкіх плошчах і напісаць тэатральную карціну без памылак. Толькі для вырабу галоўнай заслоны ідзе 10 кіламетраў тканіны.

А пад такім ракурсам балетныя і оперныя спектаклі вы яшчэ не бачылі. Зараз я знаходжуся на вышыні 24 метры над узроўнем сцэны. Тут на каласніках усталяваны механізмы, якія паднімаюць і апускаюць дэкарацыі.

Грымёрныя сталы і дэкарацыі ўсталявалі і ў фае - для гасцей вячэрняга спектакля. Завяршаюць святочны дзень пастаноўкай, з якой дэбютавалі 83 гады таму. Гэтым вечарам у афішы - "Кармен". Для асабліва адданых прыхільнікаў экскурсія расцягнецца яшчэ на 3 гадзіны.