Беларусы выйшлі на добраўпарадкаванне мемарыяла былога канцлагера Пяты полк

11 апреля 2019

Сёння Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Дата ўстаноўленая ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні ў 45-м годзе. Толькі ў Віцебскай вобласці  зараз пражывае каля трох з паловай тысяч людзей, якія прайшлі праз лагеры смерці. Сярод іх і канцлагер Пяты полк. Тут загінулі дзясяткі тысяч савецкіх салдат і мірных жыхароў. Пасля зімы на добраўпарадкаванне мемарыяла выйшлі неабыякавыя беларусы. Хутка побач з абеліскам з'явіцца новы мемарыяльны знак. Зараз распрацоўваецца яго канцэпцыя. Марына Раманоўская працягне. 

Месца масавага знішчэння савецкіх салдат і мірнага насельніцтва. За дротам - дзеці, жанчыны і старыя. Надзея Гракова і праз сем дзесяцігоддзяў памятае жахі канцлагера Пяты полк. Штодня ад голаду і пакутаў тут гінулі сотні чалавек.

Канцлагер на заходняй ускраіне Віцебска дзейнічаў з верасня 41-га. Да вайны на гэтай тэрыторыі знаходзіўся пяты чыгуначны полк. Паводле розных звестак, у лагеры загінулі ад васьмідзесяці да ста пяцідзесяці тысяч чалавек. Гэта савецкія ваеннапалонныя і мірныя жыхары. 

Людзей у Пяты полк звазілі з Віцебска і наваколляў. Сярод вязняў было шмат выхаванцаў дзіцячых дамоў. Улетку 44-га людзі паспрабавалі ўцячы. 

Тэрыторыю лагера абстралялі. У той дзень загінулі каля дзвюх тысяч чалавек. 

Пасля зімы тэрыторыю былога канцлагера прыводзяць у парадак. У першую чаргу абнавілі стэлу і абеліскі на пахаваннях. У памяць пра загінуўшых тут з'явілася бярозавая алея. 

На тэрыторыі былога лагера ўсталяваная беласнежная стэла і капліца. Хутка тут з'явіцца і мемарыяльны знак у памяць аб ахвярах нацысцкіх канцлагераў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіліся ў Віцебскай вобласці. 

Зараз распрацоўваецца канцэпцыя мемарыяльнага знака. Свае ідэі прапаноўваюць і тыя, хто змог падмануць смерць у Пятым палку.