Леанід Хобатаў амаль паўвека ў Беларускім саюзе мастакоў

9 ноября 2023

Беларускаму саюзу мастакоў - 85. У дні свайго юбілею буйное творчае аб'яднанне ўзгадвае самыя значныя падзеі і яркія імёны. Амаль паўвека ў галоўнай суполцы айчыннага выяўленчага мастацтва Леанід Хобатаў. Ён не мае гучных званняў, але сярод калег карыстаецца вялікім аўтарытэтам, работы майстра дэманструюцца і на айчыннай, і на міжнароднай арэнах выяўленчага мастацтва. Творчы партрэт мастака - у рэпартажы Наталлі Бардзілоўскай.

У сталічным Палацы мастацтва зараз працуе адзін з апошніх праектаў Беларускага саюза мастакоў – выстава, прысвечаная веласіпеду. Яна аб'яднала і сталых вопытных творцаў, і маладых пачаткоўцаў. І менавіта на гэтай канцэпцыі - на тандэме пакаленняў, на прынцыпе "павага легендам, дарога маладым" - і будуецца дзейнасць 85-гадовага юбіляра - Беларускага саюза мастакоў.

Дэманстрацыя творчых магчымасцей – у кожнай выставе. У Палацы мастацтва зараз работы 200 удзельнікаў. Конкурс з 7 намінацыямі і ўдзел у творчым спаборніцтве бяруць 200 мастакоў з усёй Беларусі. Побач з моладдзю, якой яшчэ дасягаць вяршынь, свае конкурсныя напрацоўкі прапануюць і сталыя, заслужаныя аўтары. Фантазіі на тэму "Кола" ад Леаніда Хобатава, знакамітага манументаліста і авангардыста. Знаўцы скажуць пра яго, як пра ўдзельніка эксперыментальнага аб'яднання "Няміга-17". Калекцыянеры акцэнтуюць на жывапісе майстра: карціны Хобатава ў Траццякоўцы, іспанскім музеі выяўленчага арта, у нашым Нацыянальным мастацкім і ў прыватных зборах. Нарэшце, калі вы хоць раз былі на станцыі сталічнага метро "Няміга", можаце ацаніць працу Хобатава - гэта яго мастацкае вырашэнне.

Майстэрня Леаніда Хобатава. Класічная журналісцкая просьба: спантанна намаляваць, даць майстар-клас. За гэту справу майстар бярэцца лёгка. Пад алоўкам нараджаецца жаночы вобраз. Імправізацыя яшчэ раз падкрэслівае нестандартны погляд аўтара на партрэт. Увогуле Хобатаў сімваліст, яго вобразны рад - абстрактны, метафарычны. Сёння прыхільнік мадэрнісцкай парадыгмы Хобатаў у плане самавыяўлення адчувае сябе камфортна. Але калі перагартаць старонкі 85-гадовай гісторыі Саюза мастакоў, так было не заўсёды.

Час расставіў усе кропкі над "і", мадэрнізм вярнуўся ў наша айчыннае мастацтва. Вучань Гаўрыіла Вашчанкі (класіка-рэаліста), Хобатаў узяў ад настаўніка азы, але знайшоў сябе ў смелым, экстравагантным творчым кірунку. Унутраная свабода - пра гэта хоча казаць аўтар.

Беларускаму саюзу мастакоў - 85! Амаль паўвека ў творчым аб'яднанні Леанід Хобатаў. Удзел у прафесійным саюзе для яго гонар. Ва ўсе часы трапіць сюды - гэта трэба было заслужыць, быць заўважаным мэтрамі, пацвердзіць права пісаць і дыпломам, і выставамі. На гэтых прынцыпах будуецца і сённяшняя дзейнасць Саюза. А ў заўтра аб'яднанне глядзіць вачамі і думкамі сваіх слынных удзельнікаў. І вопытам, мудрасцю Леаніда Хобатава.