Беларуска-расійскі музычны дуэт заваяваў Парыж

11 июня 2013
Вялікі поспех і мора авацый у Францыі атрымалі піяніст і скрыпач. Канцэрт класічнай музыкі пад патранажам Пасольства Беларусі ў Францыі праходзіў пад зводамі Дзяржаўнага Дома Інвалідаў.

Чым здзівілі артысты спрактыкаваную французскую публіку, ведае Аксана Шыдлоўская.

У Вялікім салоне Нацыянальнага Дома Інвалідаў, у якім даюць канцэрты вядомыя музыканты ўсяго свету, упершыню гучала класічная музыка ў выкананні беларуска-расійскага дуэта. Спрактыкаваная французская публіка слухала фартэпіяна і скрыпку пад велічнымі зводамі.
Камерную, утульную залу і цудоўную акустыку маладыя музыканты ацанілі адразу. Беларускаму піяністу Вячаславу Спірыдонаву і скрыпачу з Расіі Аляксандру Кузняцову да гэтага прыходзілася выступаць на шматлікіх пляцоўках розных краін. Але атмасфера Парыжа не параўнальная ні з чым.

Гэты канцэрт - своеасаблівы завяршальны акорд музычнага цыкла Напалеон і Еўропа. Таму ўсе творы, якія выконваў малады дуэт, былі ў першую чаргу звязаны з гістарычнымі падзеямі 200-гадовай даўніны.

Паганіні, Пракоф'еў, Штэйбельт… У выкананні Спірыдонава і Кузняцова прагучалі бездакорна. Скрыпка і піяніна дапаўнялі адзін аднаго.

Аляксандр Кузняцоў, скрыпач, Расія: Для мяне гэты дуэт - творчы, але яшчэ і як саюз двух брацкіх народаў. Вельмі цёплая, вельмі была прыемная атмасфера, можна было лёгка адчуваць і ўлоўліваць настрой публікі.
Дарэчы, публіку чакаў і невялікі сюрпрыз, дакладней, Жарт… для Веры. Музычны твор нашага сучасніка, земляка, кампазітара Георгія Сасноўскага. Ён, як кіраўнік Франка-беларускай музычнай асацыяцыі і ідэйны натхніцель гэтага канцэрта ў Парыжы, сваё з'яўленне ў праграме растлумачыў гістарычнай узаемасувяззю роднага горада Смаргоні з Напалеонам.

Бурныя авацыі для маладых музыкантаў - прызнанне іх таленту і творчасці. Для беларускага піяніста Вячаслава Спірыдонава - гэта яшчэ і высокая ацэнка той акадэмічнай школы, якую ён прайшоў у Мінску.

Крысціна Хелдфрыш, дырэктар дэпартамента культурных мерапрыемстваў Музея арміі Дзяржаўнага Дома Інвалідаў у Парыжы: Гэтыя музыканты выступілі незвычайна. Удалае спалучэнне славянскай тонкасці, душэўнасці і найвысокага прафесіяналізму. Спадзяюся, наша супрацоўніцтва будзе працягвацца.

Сумесных планаў у Пасольства Беларусі ў Францыі і Музея арміі шмат. А значыць, класічная музыка з беларускім каларытам яшчэ не раз будзе чуваць у гэтым вядомым на ўвесь свет Палацы.