Беларуская дэлегацыя "Еўрабачання" ўжо ў Тэль-Авіве. ЗЕНА рыхтуецца да першай рэпетыцыі

3 мая 2019

Прадстаўніца Беларусі на "Еўрабачанні" сёння прыляцела ў Тэль-Авіў, дзе адбудзецца прэстыжны музычны форум. У саставе афіцыйнай беларускай дэлегацыі больш як 20 чалавек. Гэта крэатыўная каманда - харэографы, педагог па вакале, рэжысёр-пастаноўшчык шоу, бэк-вакал і балет, стылісты, а таксама супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі, якія будуць сачыць за падрыхтоўкай спявачкі да музычнага форуму ў эфіры адразу двух тэлеканалаў краіны - "Беларусь" 1 і "Беларусь 24".

Каманда сёлета атрымалася інтэрнацыянальнай. Акрамя дэлегацыі з Мінска, ёсць прадстаўнікі з Масквы і Кіева. У поўным саставе дэлегацыя збярэцца ўжо ў Тэль-Авіве. Першая спроба конкурснай сцэны адбудзецца ўжо заўтра - у ЗЕНЫ першая рэпетыцыя на галоўнай пляцоўцы конкурсу ў Expo Tel Aviv. Там жа стануць вядомыя падрабязнасці яе нумара. Нагадаем, Беларусь выступіць пад нумарам 8 у першым паўфінале шоу - 14 мая. За кожным крокам спявачкі можна будзе сачыць у "Дзённіках "Еўрабачання", а таксама ў выпусках навін.