Беларусь раскалыхала Еўропу і Аўстралію! У Мінску прайшло дзіцячае "Еўрабачанне"

26 ноября 2018

Напярэдадні ў Мінску адгучала дзіцячае "Еўрабачанне". Арганізатарам і каардынатарам маляўнічага шоу выступіла Белтэлерадыёкампанія. Маленькія зорачкі з 20 краін запальвалі на касмічнай сцэне "Мінск-Арэны". І гэта абсалютны рэкорд конкурсу па колькасці ўдзельнікаў. Удвая больш, чым у папярэднім сезоне, і колькасць тых, хто прагаласаваў. Падрабязная справаздача будзе дадзена праз тыдзень, але ўжо зараз спецыялісты называюць песенны конкурс адным з самых маштабных у яго біяграфіі. Па выніках галасавання публікі і журы Хрустальны мікрафон дастаўся Раксане Венгель з Польшчы. Беларускі прадстаўнік Даніэль Ястрэмскі на 11-ай пазіцыі. Што засталося за кадрам трансляцыі - у рэпартажы Іны Пілевіч.

Творчы хаос у бурбалцы для дэлегацый або "дэлегейшн бабл". Так называюць месца адпачынку канкурсантаў і іх світы. Тут перад трансляцыяй шоу горача ад пачуццяў.

Канкурсанты выкарыстоўваюць кожную свабодную хвіліну для інтэрв'ю і рэпетыцый. Каманды падтрымліваюць сваіх выхаванцаў нават знешнім выглядам.

У зале аншлаг. Каб уразіць гледача, частка танцпляцоўкі аддадзена танцоўшчыкам з люстэркамі.

Выступленне як выхад у адкрыты космас. Пляцоўка нібы лунае сярод зорак. Для яркай карцінкі ў эфіры задзейнічана толькі асвятляльных прыбораў каля 1 200. Падсветленыя нават трыбуны. За відовішчную карцінку адказваюць сотні прафесіяналаў.

Беларусь гучыць на "Мінск-Арэне" восьмай. Даніэль Ястрэмскі падрыхтаваў стыльны нумар на песню "Time". З дапамогай маляўнічай графікі і дэкарацый артыст падчас выканання падарожнічае віртуальна.

Пакуль артысты выступаюць на сцэне, іх каманды хвалююцца тут, у "дэлегейшн бабл". Усё, што адбываецца, транслюецца на экраны ў рэжыме рэальнага часу. Такі вось інтэрнацыянальны кінатэатр.

 

Каму аддаць Хрустальны мікрафон - сумеснае рашэнне журы і гледачоў. Па выніках галасавання ўзнагарода дастаецца Раксане Венгель.

 

13-гадовая вакалістка - першая пераможніца дзіцячага "Еўрабачання" ў гісторыі Польшчы.

На другім месцы Анжэліна з Францыі. На трэцім Джаэль з Аўстраліі. Беларусь адзінаццатая. Аўдыторыя на куражы, а сацсеткі запоўненыя постамі з хэштэгам Light Up. Наперадзе новая еўравізійная інтрыга. Да канца года будзе аб'яўлена наступная сталіца конкурсу. А яе ў адрозненне ад дарослага конкурсу выбіраюць незалежна ад краіны-пераможцы.