Беларусь адзначае Дзень работнікаў культуры

13 октября 2013

Сваё прафесійнае свята работнікі культуры адзначаюць 15-ы раз. Яно было заснавана 26 сакавіка 1998 года. А вось 60 гадоў таму было створана Міністэрства культуры.


Ларыса Гулякевіч прадоўжыць тэму.


Дзень работнікаў культуры ў Беларусі адзначаецца штогод у другую нядзелю кастрычніка. У гэтай творчай, а часам давольна афіцыйнай сферы працуюць амаль 65 тысяч чалавек. Акцёры і паэты, пісьменнікі і мастакі, работнікі музеяў і кіраўнікі творчых калектываў. Усе яны прадстаўляюць амаль 8 тысяч арганізацый культуры.


У нашай краіне рэалізуецца мноства дзяржаўных культурных праграм, сярод якіх аднаўленне і рэстаўрацыя замкаў Беларусі, адраджэнне традыцый і тэхналогій вытворчасці слуцкіх паясоў і шматлікія іншыя.


Барыс Святлоў, Міністр культуры Беларусі:


Тыя культурныя каштоўнасці, якія нам дасталіся ў спадчыну ад мінулых пакаленняў і якія мы павінны захаваць і перадаць у будучыню. Мы выхоўваем на іх і пакаленне сённяшняе. Вось за гэта вялікае ім дзякуй. І работнікам тэатра, і …вялікім і малым культурным падраздзяленням.


Культура кожнага народа моцная менавіта традыцыямі - тэатральнымі, фальклорнымі, музычнымі. Сярод традыцый і заахвочванне творцаў дзяржаўнымі ўзнагародамі. Гэта званні, медалі і ордэны. Сёлета былі адзначаныя 65 творчых асоб Беларусі і мноства культурных праектаў.


За шматвяковую гісторыю беларускі народ стварыў багатую самабытную культурную спадчыну. Беларусь валодае ўнікальным гісторыка-культурным патэнцыялам, прадстаўленым аб'ектамі архітэктуры, горадабудаўніцтва, мастацтва, археалогіі, паркавых комплексаў, музейных калекцый. У краіне налічваецца больш за 15 тысяч помнікаў гісторыі.


А сярод беларускіх імёнаў, якія сталі сусветным набыткам, Марк Шагал, Хаім Суцін, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін і мноства іншых выбітных асоб у гісторыі культуры краіны.