Дзясяты баль праваслаўнай моладзі. Мовай танца аб высокіх ісцінах

29 января 2018

Мовай танца ў Мінску напярэдадні гаварылі аб высокіх ісцінах і духоўнасці. На дзясятым балі праваслаўнай моладзі сабраліся больш за 700 чалавек. Сямігадзіннае свята прайшло паводле ўсіх правілаў дрэс-кода.

Старажытны кодэкс паводзін на балі абавязвае кожнага ўдзельніка танцаваць. У сёлетняй юбілейнай, ужо дзясятай праграме, каля 50-ці харэаграфічных нумароў: ад венскага вальса да аргенцінскага танга, народныя танцы (цыганскі, іспанскі, шатландскі), сучасныя - дыска, бугі-вугі і хастл. Вядома, напярэдадні імпрэзы гасцям прыйшлося нямала папрацаваць, бо і самі па няпростыя, і танцуюць іх у пары.

Чатыры апошнія месяцы яны спяшаліся ў гэтую мармуровую залу і па прыкладзе прафесійных пастаноўшчыкаў вучыліся рухацца ў такт. Баль перарос статус моладзевага, ён збірае ў пары ўдзельнікаў ад двух да 72-х гадоў. Многія з танцавальных дуэтаў з часам перарастаюць у сямейныя. Вось Улу Чэн з Кітая пазнаёміўся на балі з беларускай Аленай, з часам вырашылі пажаніцца, ужо выхоўваюць аднагадовую Машачку, а сам хлопец з Улу перахрысціўся ва Уладзіміра.

Сёлета арганізатары балю пайшлі далей і прапанавалі маладым знаёміцца праз уласна створаную сацыяльную сетку. Увайсці ў яе можна з любога акаунта, з любога пункта не толькі Беларусі, але і замежжа. Бальны інтэрнэт-сэрвіс арганізаваў нават прамую трансляцыю танц-імпрэзы. Гэтая і іншыя акалічнасці толькі падкрэсліваюць: праваслаўныя - частка сучаснага грамадства, якая з ведамі і з задавальненнем выкарыстоўвае найноўшыя тэхналогіі.

Пачалі з малітвы, прадоўжылі квікстэпам. Як розныя дэнс-напрамкі, баль аб'яднаў самых розных удзельнікаў. У праграме - танец для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ваенны марш. Зрэшты, навучэнцы Ваеннай акадэміі і сувораўцы - пастаянныя ўдзельнікі праваслаўнага балю. Такім чынам, недахопу ў партнёрах для дам, якія танцуюць, тут даўно ўжо не назіраецца.