Арт-праект "Зачараванне" адкрыўся ў Нацыянальным гістарычным музеі

14 августа 2015

Фотакарціны вядомага майстра Ірэны Гудзіеўскай - гэта яднанне прыроды і жаночай чароўнасці.

Аб прыгажосці па-беларуску і галоўных каштоўнасцях нашай краіны - у рэпартажы Ларысы Гулякевіч.

“Зачараванне” прыгажосцю беларускіх дзяўчат і краявідаў. Выставу дэманструе вядомая фотамастачка Ірэна Гудзіеўская. Аніякага фоташопа, усё натуральна - і туман, і раса, і пралескі, і дзявочая прыгажосць па-беларуску.

Данесці сапраўдную прыгажосць і дзявоцкую чысціню, паказаць нашы беларускія краявіды з азёрамі сінявокімі ды пушчамі непраходнымі, дзе не ступала нага турыста… Такі праект вядомая фотамастачка Ірэна Гудзіеўская задумала гадоў пяць таму. Вывучала, калі лён выспявае, назірала, калі пралескі распускаюцца, і ў якую пару года самы задуменны усход сонца. Атрымалася “Зачараванне”.

Ідэя захапіла ўсіх. Прадэманстраваць самыя галоўныя беларускія брэнды: жаночую прыгажосць і беларускія краявіды ў адзіных непадробленых вобразах. Фотаработы, прынтаваныя на палатне, што дадае “Зачараванню” дух Рэнесансу. Захапіўся праектам і мадэльер з Францыі беларускага паходжання Юрый Кот. Ён стварыў калекцыю з беларускага лёну, пашыў яе ў Беларусі, а модны паказ быў адной з частак прэзентацыйнага вечара.

Здымкі праходзілі на пленэрах у Белавежскай і Налібоцкай пушчах, беларускіх вёсках і хутарах. Арт-праект “Зачараванне” дзеліцца на тры часткі з беларускімі назвамі “Лён”, “Прыгажосць”, “Пушча” – самыя галоўныя брэнды Беларусі.

Выстава будзе працаваць на працягу месяца. Затым арт-праект “Зачараванне” чакаюць у Польшчы, Францыі, Кітаі, В’етнаме і Арабскіх Эміратах.