Андрэйс Жагарс прыехаў у Мінск для працы над спектаклем "Травіята"

8 мая 2017

Оперу ставіць вядомы акцёр. Зорка фільмаў "Доўгая дарога ў дзюнах", "Удачы вам, спадары", "Следапыт", "Выкраданне чарадзея" Андрэйс Жагарс прыехаў у Мінск для працы над спектаклем "Травіяата". Артыст і рэжысёр ужо пачаў рэпетыцыю ў Вялікім тэатры Беларусі. Разам з ім над новай версіяй оперы Джузепэ Вердзі працуе міжнародная каманда. Прэм'ера прызначана на восень. Пра падрыхтоўку спектакля і эксклюзіўнае інтэрв'ю рэжысёра - у рэпартажы Іны Пілевіч.

Спецыяльна да яго прыезду ў рэпетыцыйнай зале Вялікага тэатра завесілі люстэркі. Такія ўмовы працы вядомага рэжысёра Андрэйса Жагарса. І гэта зусім не капрыз замежнага майстра. Вядомы пастаноўшчык працуе з акцёрамі па сістэме класіка Станіслаўскага, які такім чынам вучыў любіць мастацтва ў сабе, а не сябе ў мастацтве.

Андрэйс Жагарс, рэжысёр-пастаноўшчык, акцёр, Латвія: "Для балетнай спецыфікі вельмі важна сябе кантраляваць, гледзячы ў люстэрка, тэхнічна ўсё, а для артыстаў оперы гэта перашкаджае. Яны ўвесь час падглядваюць і страчваюць кантакт з партнёрам".

Сваю версію оперы Вердзі "Травіята" ставіць зорка савецкага кінематографа. Шырокай публіцы Андрэйс Жагарс вядомы як капітан Алег з карціны "Удачы вам, спадары", сын Марты і Артура з драмы "Доўгая дарога ў дзюнах".

У крызісныя для кіно 90-я артыст паспрабаваў сябе ў акадэмічным мастацтве і дасягнуў поспеху. На працягу 17 гадоў узначальваў Латвійскую нацыянальную оперу. Рэжысёр больш як 30 спектакляў у 14 краінах, у Мінску ставіць упершыню.

Гісторыю куртызанкі Віялеты вырашана перанесці з XIX стагоддзя ў цяперашні час. Артыстам прэзентуюць макет сцэны. Афармленне ў стылі арт-дэко. Амаль за тры гадзіны спектакля дэкарацыі зменяцца чатыры разы. Опера з элементамі балета. Харэографы паставяць бал у Віялеты ў пікантным стылі кабарэ.

Для новай "Травіяты" ў цэхах Вялікага пашыюць паўтары сотні касцюмаў. З іх толькі 64 для хору. Дарэчы, насуперак тэатральнаму штампу салісты хору не будуць апранутыя аднолькава. Для кожнага ўжо распрацаваны індывідуальны касцюм.

Над прэм'ерай працуе міжнародная каманда. Рэжысёр, сцэнограф і мастак па касцюмах - з Латвіі, мастак па святле - з Вялікабрытаніі. Дарэчы, для Андрэйса гэта ўжо трэцяя "Травіята", для нашай трупы - ужо 6-я рэдакцыя.

Спектакль-адкрыццё. "Травіята" пачне юбілейны, 85-ы сезон Вялікага тэатра Беларусі. Новую версію класічнай оперы Вердзі пакажуць 8 верасня.