59 гадоў таму не стала народнага паэта Беларусі Якуба Коласа

13 августа 2015

Паэт, празаік, публіцыст, акадэмік, дэпутат Вярхоўнага савета СССР працаваў да апошняга дня, хоць і пачуваўся не вельмі добра. У дзень сваёй смерці Колас пабываў у ЦК, павіншаваў з днём нараджэння ўнучку, якой споўнілася 5 гадоў, і сеў за напісанне лістоў. Пра што былі апошнія словы Коласа - рэпартаж Алены Борматавай.

Панядзелак 13 жніўня 1956 года. Халоднае лета - пра надвор’е Колас піша ў апошніх лістах да сяброў. У дзень смерці класік напісаў паэту Сяргею Гарадзецкаму і перакладчыку Яўгену Мазалькову.

Паэта не стала ў 13:20 - як напамін усе мемарыяльныя гадзіннікі ў доме Коласа спынены на гэтым часе. Ён памёр імгненна. Але дрэнна пачуваўся некалькі дзён. Пра гэта пісаў у лісце да Гарадзецкага. Ціск зашкальваў за 240. Аднак нагадваў сябру, што 15 верасня будзе адзначаць 50-годдзе творчай дзейнасці. І гэта менш як за гадзіну да смерці.

Раніцай 13-га Колас віншуе ўнучку з днём нараджэння. Той спаўняецца 5 гадоў. Вечарам павінна была адбыцца сямейная ўрачыстасць. Затым паэт адпраўляецца на працу: Колас - віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук, - а пазней едзе ў ЦК, аднак там яго прыняць не змаглі. Класік вяртаецца дахаты. І садзіцца за напісанне лістоў.

Развітваліся з Коласам у Доме афіцэраў. Каб развітацца з народным паэтам, людзі стаялі некалькі гадзін. Чарга ішла ад сучаснай плошчы Незалежнасці. А ў доме, дзе пясняр жыў некалькі апошніх гадоў, было вырашана стварыць музей. Тут усё, як пры жыцці Коласа: планіроўка, інтэр’еры, захаваліся рэчы, да якіх асабіста дакранаўся паэт. А ў двары дома на Акадэмічнай да гэтай пары растуць дрэвы, пасаджаныя Коласам.