113 заявак з 16 краін - гэта рэкорд за апошнія 7 гадоў адбору на "Еўрабачанне" ў Беларусі

1 февраля 2019

113 заявак з 16 краін. Белтэлерадыёкампанія завяршыла прыём анкет на ўдзел у нацыянальным адборы "Еўрабачання". І гэты рэкордная колькасць ахвотнікаў за апошнія 7 гадоў. За права прадставіць нашу краіну на песенным конкурсе пазмагаюцца таксама музыканты з Расіі, Украіны, Польшчы, Румыніі, Швецыі, ЗША, Вялікабрытаніі, Партугаліі. Упершыню ў гісторыі праекта анкеты кандыдатаў прымаліся выключна ў электронным выглядзе. Прыём пачаўся 22 студзеня і завяршыўся сёння апоўначы.

Алена Бардзілоўская, намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі інтэрнэт-вяшчання Белтэлерадыёкампаніі: "Электронная форма падачы паказала сваю эфектыўнасць, падаць заяўку на "Еўрабачанне" стала значна прасцей. Апошнюю заяўку і пакет дакументаў мы атрымалі ў 23:58. У апошні дзень прыёму заявак больш за 50 чалавек адправілі свае дакументы на конкурс. У далейшым мы плануем удасканаліць інтэрфэйс сэрвісу, каб карыстальнікам было больш зручна, і аўтаматызаваць справаздачнасць, каб нашым менеджарам было лягчэй апрацоўваць заяўкі".

У панядзелак адбудзецца праслухоўванне ўсіх прэтэндэнтаў у рэжыме жывога гуку ў студыі "600 метраў" на Макаёнка, 9. На сайце Белтэлерадыёкампаніі будзе ісці анлайн-трансляцыя. Фіналістаў нацыянальнага адбору вызначыць прафесійная фокус-група. Права выступіць перад тэлеаўдыторыяй у прамым эфіры адразу двух тэлеканалаў - "Беларусь 1" і "Беларусь 24" атрымаюць 10 прэтэндэнтаў.