На календары калядныя святы, а ў народзе шумная і шчодрая Каляда

11 января 2020
Час для гульняў, жартаў і дзявочай варажбы. На календары калядныя святы, а ў народзе  шумная і шчодрая Каляда. У вёску Запруддзе напярэдадні завіталі калядоўшчыкі з казой, цыганам і нават мядзведзем вучоным. З песнямі і танцамі яны прайшліся па вуліцах,  зайшлі да некаторых гаспадароў. Лічыцца, што калядоўшыкі прыносяць дабрабыт і багацце. Да шумнай кампаніі далучылася Вольга Маслоўская.

Шуміць, грыміць, спявае, весяліцца Каляда ў Запруддзі. І года не было, каб калядоўшчыкі не прагуляліся па вуліцах вёскі, што на Глыбоччыне. Магчыма, сёння ўжо не кожны ведае сакральны сэнс каляднага дзейства, але наўрад ці выстаіць, каб не далучыцца да яркага касцюміраванага свята. Сёння ў кампаніі валачобнікаў  не менш за 20 персанажаў. Галоўны герой - зорка, следам цыган з вучоным мядзведзем, што да слёз смешыць пародыямі, навучаны танцам конь, механоша ды каза, куды ж без яе? Самая пражэрлівая з гэтай кампаніі, затое абяцае багацце і дабрабыт.

На парозе дома разыгрываецца дзейства, якому сотні гадоў. Гаспадары ведаюць, што калі калядоўшчыкі на двары, то давядзецца расстацца з добрай часткай запасаў. Але аддаюць без жалю, бо калядоўшчыкі прыносяць у дом шчасце і дастатак на ўвесь наступны год. Нездарма іх называюць гасцямі з далёкага краю, з-пад самага раю.

Шумных гасцей у кожнай хаце павінны адарыць пачастункамі: арэхамі, цукеркамі ці каўбасой. Сквапных гаспадароў калядоўшчыкі могуць і праклясці. Вечар у Каляды доўгі. А значыць, сёння пастукаюць у кожны дом, дзе гараць вокны. Людміла Арэхава з дачкой і ўнучкай сустракаюць калядоўшчыкаў пірагамі і куццёй.

Гаспадыня кранутая да слёз, бо ў маладыя гады і яна вось гэтак жа прыбіралася і спявала калядныя песні. Дарэчы, у Запруддзі што ні хата, то самабытны талент. Інакш як растлумачыць, што 30 гадоў таму тут з’явіўся яркі фальклорны калектыў, пра які ведала ўся краіна? 

Удзельнікі народнага самадзейнага калектыву "Прасніца" адрадзілі шмат старадаўніх абрадаў. Збіралі і спявалі песні, амаль забытыя, але вельмі прыгожыя і мудрыя. І сёння пішуць культурны летапіс роднага Запруддзя, абапіраючыся на ўспаміны старажылаў.

Традыцыям навучаюць моладзь. Хай сцэнарыі калядных прадказанняў сучасныя дзяўчаты шукаюць у інтэрнэце, але варожаць так, як калісьці прабабулі.

Калядны карнавал у славян даўжэйшы за той, што ў Рыа. Калядоўшчыкаў можна сустрэць на працягу амаль двух тыдняў - ад Раства да Вадохрышча. А можна і самому прымерыць нязвыклы вобраз валачобніка і для кагосьці стаць сімвалам дабрабыту.