Кандрат Крапіва і галоўныя жанчыны ў яго лёсе

6 марта 2016

"Шэршэ ля фам" - шукайце жанчыну ў лёсе любога вялікага чалавека. Гэта можна сказаць і пра нашага беларускага класіка Кандрата Крапіву. У радках сваіх баек і п'ес ён паўставаў бязлітасным сатырыкам, які вострым словам гаварыў праўду аб людскіх характарах, сам жа ў душы быў ранімым, са складаным асабістым лёсам чалавекам, які перажыў не адну любоўную драму…

На фота заўсёды сур'ёзны, строгага выгляду чалавек. Толькі адзіны здымак захаваў яго ўсмешку. Хто тая, якая выклікала гэты рэдкі светлы момант, аб кім пакутаваў заўсёды хмурны пісьменнік?! Хрэстаматыйны вобраз "забранзавелага" разбураюць развеяныя таямніцы асабістай біяграфіі. Кандрат Крапіва і галоўныя жанчыны ў яго лёсе - у рэпартажы-расследаванні Наталлі Бардзілоўскай.

На малюнку алоўкам – кірпатая дзяўчына. Тонкія рысы пісаліся не з натуры, па памяці. У свае за 60 Кандрат Крапіва папрасіў сына-мастака зрабіць партрэт дзяўчыны. Першае каханне класіка.

Прызнанне і прапанова быць разам. Але аўтарытэтны ў Асташкаве купец Авакшын не разглядаў беларуса Атраховіча як партыю для дачкі. Закаханых разлучылі. Першая сусветная - Кандрата накіравалі на румынскі фронт, Кацю выдалі замуж за мясцовага арыстакрата.

Ён быў ужо народным і 40 гадоў як у шлюбе, калі атрымаў ліст з мінулага.Тая самая Каця з Асташкава ў выпуску тэленавін убачыла знаёмую постаць. Праз Саюз пісьменнікаў знайшла адрас Кандрата...

Перапісваліся да апошніх дзён, але так і не ўбачыліся. У сямейным альбоме партрэт першай каханай Крапіва трымаў побач з партрэтам маці. Таксама - аловак і таксама - па памяці. Непрыметная беларуская прыгажосць самай блізкай і любімай жанчыны...

Пра першую і галоўную жанчыну ў жыцці Кандрата Крапівы вядома мала.

Пелагея Данілаўна Нікановіч – яго матуля - была сціплай сялянкай, якая на ўсю вёску славілася спевамі, ведала ўсе беларускія абрадавыя песні. Нарадзіла 9 дзяцей, з якіх выжылі толькі Кандрат са старэйшай сястрой. Калі хлопчыку споўнілася 10 гадоў, маці не стала.

Вёска Нізок Уздзенскага раёна. Амаль 500 гадоў таму яе пабудавалі «пад шнур» - такі народны архітэктурны стыль. З аднаго боку хаты, з другога – бытавыя прыбудовы. Вось тут, у канцы цэнтральнай вуліцы, і нарадзіўся Кандрат Крапіва. Бацькоўская хата стаяла да 1930 года. Нізок двойчы гарэў – пажар знішчыў і гняздо Атраховічаў. Ужо дарослым чалавекам Кандрат заробіць і дасць бацьку грошы, каб адрадзіць пабудову, якая засталася адзіным матэрыяльным напамінам пра маці. Хаця большае, што засталося ад яе – тая моўная сакавітасць, якую будучы пісьменнік укладзе ў свае творы. Аўтэнтыка народнага слова, якая стане асновай нацыянальных слоўнікаў...

Мачаха Домна лічыла чытанне панскім заняткам. Лаялася на пасынка: «з кніжак хлеба не з'есці». Крапіва ўвекавечыць другую маці ў кожным вобразе злой крыклівай бабы.

Светлыя жаночыя вобразы Крапіва напіша з жонкі. Самы аўтабіяграфічны, але няскончаны раман «Мядзведзічы» і вобраз Зосі - прататып Алена Канстанцінаўна Махнач-Атраховіч.

Спадарожніцу, з якой пражывуць 40 гадоў і народзяць 3-х дзяцей, ён сустрэў на радзіме. Пасля Першай сусветнай Крапіва вернецца ў Нізок і будзе настаўнічаць. А тут прыезджыя пагарэльцы Махначы. І прыгажуня Алена становіцца нявестай і жонкай.

Крапіва перажыве яе на 27 гадоў. Калі ад хваробы жонкі не стане, ён больш не ажэніцца. Ёй прысвеціць «Браму неўімручасці». Будуць яшчэ страты – з жыцця пойдзе і дачка Крапівы Люда. У той жа час нібыта лёс пашле ў дом Атраховічаў дзяўчыну, якая, напэўна, заменіць яму дачку - жонку сына Ігара, нявестку. Рамантычныя вечары Ігара Атраховіча і Зоі Аўхімовіч праходзілі пад грукатанне друкарскай машынкі. Пакуль маладыя людзі сустракаліся – Крапіва пісаў камедыю «Мілы чалавек».

У гонар нявесткі Крапіва напіша сваю апошнюю п'есу "На вастрыні". У кнізе рэальны медык Зоя Атраховіч у літаратурным вобразе медсястры.

А вось самае апошняе натхненне Кандрата Крапівы – Варвара. Прапраўнучка стане сябрам. 12-гадовая школьніца - юны карэспандэнт газеты «Зорька» - увекавечыць апошнія словы прапрадзеда ў сямейным інтэрв'ю.

І яшчэ адна блізкая жанчына – унучка Алена. Сёння яна галоўны захавальнік спадчыны і архіваў Кандрата Крапівы.І ўсе крапівінскія сакрэты – з яе вуснаў.