Беларусь адзначыла Дзень ведаў

3 сентября 2017

Мора кветак, багацце белых бантоў. Тысячы паветраных шароў, адпушчаных у неба! Адна з найважнейшых падзей тыдня, якая аб'яднала мільёны беларусаў - Дзень ведаў.

Ён не пазначаны чырвоным колерам у календары, але ў Беларусі яго прынята адзначаць віншаваннямі і падарункамі. Напрыклад, новымі школамі і дзіцячымі садамі.

Дзяржава не эканоміць на сацыяльнай сферы. Вось і напярэдадні сучасныя ўстановы адукацыі адкрыліся ў сталіцы і Крычаве. А ў Віцебску ў першы дзень вучобы студэнты-медыкі атрымалі ў падарунак камфортны інтэрнат.

За школьныя парты сёлета селі каля мільёна дзяцей. І ўцешна, што ўпершыню званок празвінеў для 110 тысяч першаклашак.

Напярэдадні Дня ведаў не абышлі ўвагай і саміх настаўнікаў. Найлепшыя атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды, хоць тая праца і веды, якія выкладчыкі ўкладвалі і ўкладваюць ва ўсіх нас, проста неацэнныя. Шкада, што разумееш гэта, як правіла, толькі праз гады.

Напярэдадні і ў Дзень ведаў па краіне прайшла акцыя "Збяры партфель першакласніку", якая дапамагла годна адправіць у школу дзяцей з малазабяспечаных, няпоўных і шматдзетных сем'яў. Вышэйшыя службовыя асобы краіны з падарункамі для школ і дзяцей пабывалі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Сваю мару - ляльку, якая размаўляе, і новенькі партфель з усім неабходным да школы - атрымала і сірыйская дзяўчынка Рым Салім. Падчас баявых дзеянняў у Сірыі яна страціла абодвух бацькоў, сама атрымала раненне ў нагу. А ў Мінску ёй фактычна выратавалі жыццё беларускія хірургі-анколагі. 10-гадовая пацыентка папраўляецца і ўжо на наступным тыдні зможа вярнуцца на радзіму. Варта толькі захапіцца яе аптымізмам і неверагоднай жыццёвай сілай.