У сельгасарганізацый Мінскай вобласці першы ўкос

27 мая 2020
Халаднаваты, але сонечны май прынёс аграрыям добры ўраджай траў. Зараз у сельгасарганізацый Мінскай вобласці першы ўкос. Ужо нарыхтавана больш за 120 тысяч тон сенажу і сіласу. Адначасова свежыя зялёныя кармы закладваюць на захоўванне ў траншэі. Такім чынам фарміруецца база для кармлення жывёлы на год наперад, а значыць і гарант вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі. 

З палёў Слуцкага раёна - рэпартаж Аляксея Кандраценкі.  Касавіца на высокіх хуткасцях! Трактар з касілкай літаральна імчыцца: адзін круг - і тоны скошанай зялёнай масы застаюцца на полі. Дынамічны тэмп апраўданы: плошчы з люцэрнай вялікія, а зараз у расліны фаза бутанізацыі. Гэта значыць, у ёй максімум карысных і пажыўных рэчываў. 


Невыпадкова люцэрну называюць культурай нумар адзін у жывёлагадоўлі


Яна вельмі багатая бялком. Але галоўнае - толькі за адзін сезон люцэрна можа даць чатыры і нават пяць укосаў.  Скошаны ўраджай з палёў убіраюць не адразу. Тут важная тэхналогія: люцэрна павінна паляжаць і наліцца сокам. 

Ураджай збіраюць камбайны і ўвесь укос аператыўна дастаўляюць на закладку ў сянажныя траншэі. Гэтага запасу свежых зялёных кармоў для жывёлы хапае на год наперад. У гаспадарцы "Казловічы-Агра" вялікае пагалоўе кароў. Дарэчы, многія з іх даюць больш за 27 літраў малака за суткі - вынік вышэйшы за сярэдні, які немагчымы без якасных кармоў. 

Слуцкі раён - адно з тых месцаў у Мінскай вобласці, дзе фарміруецца харчовы дастатак. Мясцовыя малочны і мясакамбінаты - у пяцёрцы найбуйнейшых у краіне. Прадпрыемствы забяспечваюць прадукцыяй і сябе, і на экспарт адпраўляюць частку. Але ўсе вытокі вялікіх мяса-малочных рэк - менавіта на палях. Таму ад касавіцы многае залежыць.  Сёлета агульны каравай слуцкіх аграрыяў будзе яшчэ больш разнастайным. Не адна, як раней, а адразу шэсць гаспадарак засеялі палі грэчкай. А гэта прыкладна 300 гектараў. Час збору папулярнай культуры - сярэдзіна восені.