V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі - падзея года для Саюзнай дзяржавы

14 октября 2018

На гэтым тыдні V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прадэманстраваў рэальныя пункты росту саюзных эканомік. Тут прагучаў і новы арыентыр для абедзвюх краін: заваяваць яшчэ адну планку, а менавіта 50 мільярдаў долараў тавараабароту. Паспяхова рэалізаваныя на практыцы дамоўленасці магілёўскай пляцоўкі будуць спрыяць дасягненню гэтых мэт. За кошт якіх праектаў убачым рост, дзе бачны патэнцыял для развіцця нашых саюзных адносін? З Магілёва рэпартаж Веранікі Буты.

Амаль восем дзясяткаў рэгіянальных пагадненняў і партфель кантрактаў на паўмільярда долараў плюс узаемавыгадныя знаёмствы. Гэта папярэднія вынікі мінулага форуму. Самыя буйныя дамоўленасці ў нашых флагманаў. Звыш 70 кантрактаў на пастаўку тэхнікі ў рэгіёны Расіі склалі МТЗ, БелАЗ, Бабруйскаграмаш і Гомсельмаш. Гэта больш як 380 мільёнаў долараў. На наступныя тры гады пытанне вырашана з пастаўкамі магілёўскіх ліфтаў - размова прыкладна пра дзве тысячы адзінак за год. 

Нафтахімічных прадуктаў паставім суседзям на 12 мільярдаў расійскіх рублёў. На форуме паднімалася і пытанне нафтавых балансаў. Дамоўленасць мінулага года, якая была пацверджаная на нядаўніх перамовах у Сочы, засталася ў сіле і пасля магілёўскіх сустрэч. 263 млн. долараў ад так званай перамытнёўкі нафты Расія ўжо перавяла для Беларусі на гэтым тыдні.

Больш як 8 тысяч прадпрыемстваў Беларусі і Расіі звязаныя вытворчай кааперацыяй. У нас дзейнічаюць больш як 3 тысячы прадпрыемстваў з расійскім капіталам. Паўсотні сумесных зборак працуюць у суседняй краіне. Сучасная эканоміка пабудаваная на кааперацыі.

Як прыклад - праект Беларусі і Волагды "Саюзны трактар". Дзве тысячы за год, неўзабаве плануюць лічбу падвоіць. Прадукцыяй закрываюць цэнтр, паўночны захад і нават поўдзень Расіі. Дамовіліся і аб новых праектах.

Беларусь супрацоўнічае сёння практычна з усімі расійскімі рэгіёнамі. У лідарах - Масква і Піцер, Смаленск і Цюмень, Башкартастан і Татарстан, Бранск і Калуга. Тавараабарот з імі часта нават вышэйшы, чым з некаторымі дзяржавамі. Заклад паспяховых праектаў - у правядзенні ўзгодненай палітыкі ў прамысловасці і кааперацыі. На гэтым акцэнтуе ўвагу Прэзідэнт Беларусі, выступаючы ў пятніцу на пленарным пасяджэнні форуму.

Гэтае педантычнае пытанне з парадку дня (прынамсі - на 2019 год) знялі напярэдадні пленарнага пасяджэння, у чацвер. На палях форуму Беларусь і Расія канчаткова пацвердзілі і замацавалі подпісамі гандлёвыя балансы на наступны год. На 11% вырастуць пастаўкі мяса, амаль на 3% - малочкі. Засталося закрыць пытанне па гэтым годзе.

Безумоўна, экспертная супольнасць успрыняла гэтую навіну станоўча. Адбілася гэта і на кантрактах. Плюс 123 мільёны ў агульную скарбонку паклалі нашы мяса-малочныя прадпрыемствы.

Эксперт не сумняваецца і ў якасці беларускіх прадуктаў харчавання. Інтэграваныя сістэмы прагляду паставак, электронныя ветэрынарныя сертыфікаты - усё ўжо працуе і ўсё гэта дзеля выключнай бяспекі прадуктаў. Усяго на партнёра па Саюзнай дзяржаве прыпадае каля паловы беларускага экспарту. Што датычыцца ўсяго тавараабароту. Апошнія два гады Мінск і Масква дадаюць пасля няпростага перыяду ў двухбаковым гандлі. З пачатку года маем 23 мільярды долараў. І гэта, здаецца, не мяжа магчымасцяў.

У краін-суседак агульныя мэты, а значыць - і Беларусі, і Расіі па дарозе. Адзін з прыярытэтаў - лічбавізацыя. Інтэрнэт-тэхналогіі робяць эканоміку традыцыйна індустрыяльную звышіндустрыяльнай. І тут без кааперацыі нікуды. Сёння гаворка ідзе аб стварэнні агульных лічбавых платформ і праектаў. У развіцці нацыянальных мадэляў можна знайсці шмат пунктаў судакранання.

Гаварылі на форуме і аб прасоўванні нашых медпрэпаратаў і тэхнікі на рынку Расіі. Сумесныя магчымасці абмеркавалі з Удмуртыяй, Самарскай вобласцю і Бранскам.

Пляцоўка Форуму рэгіёнаў патрэбная першым чынам для таго, каб ніткі кантактаў спляліся ў трывалую сувязь, а пытанні вырашаліся больш хутка, эфектыўна. Гэтая добрая традыцыя ўжо стала самай значнай штогадовай падзеяй у Саюзнай дзяржаве. А таму Аляксандр Лукашэнка на форуме робіць акцэнт не толькі на эканоміцы. Наступныя 2 гады стануць знакавымі для абедзвюх краін - 75 гадоў з Дня вызвалення Беларусі і 75 Вялікай Перамозе. Гэта агульная гісторыя. Ад узаемных намаганняў і ад будучага пакалення залежыць тое, якім стане заўтрашні дзень у гісторыі Мінска і Масквы. Таму Прэзідэнт прапаноўвае наступны Форум рэгіёнаў прысвяціць моладзі.

Форум рэгіёнаў вымяраецца не толькі кантрактамі. Бадай, самае галоўнае - гэта тое, што Магілёў на гэтым тыдні стаў сталіцай свята і сяброўства суседзяў. Складана знайсці нешта больш каштоўнае, чым добрасуседскія адносіны і высокі ўзровень даверу як на палітычнай карце, так паміж і бізнес-партнёрамі і народамі. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя