У беларускай будаўнічай галіне наступіла стадыя маштабнага аздараўлення

12 декабря 2013
У беларускай будаўнічай галіне (мы сёння зноў вяртаемся да гэтай - галоўнай - тэмы тыдня) наступіла стадыя маштабнага аздараўлення. Менавіта так. Таму што праблемы ў гэтай сферы ў адзін вялікі снежны камяк збіраліся ўжо даўно, і не бачыў гэтага толькі той, хто, пэўна, не хацеў бачыць. У выніку вырашаць іх прыйшлося на ўзроўні самым высокім - Кіраўніка дзяржавы. На вялікай нарадзе ў аўторак менавіта на будаўніцтве засяродзілі асноўную ўвагу. Задачы пастаўленыя вельмі дакладныя па ўсіх праблемных пытаннях, у тым ліку даўгабудах. Ліквідаваць іх павінны да 1 ліпеня наступнага года. Як выконваецца гэтая задача, будзе дбайна правяраць Камітэт дзяржкантролю. Пра гэта паведаміў яго старшыня Аляксандр Якабсон сёння па выніках прыёму грамадзян. Дарэчы, гутарка пераважна зноў ішла пра недапрацоўкі ў будаўнічай сферы. Новую порцыю прыкладаў з прыстаўкай анты- пачула Святлана Канапацкая.

На прыём да старшыні Камітэта дзяржкантролю ў гэты дзень запісаліся больш за 20 чалавек. І амаль усе з пытаннямі, звязанымі з жыллёвым будаўніцтвам. Прадстаўнікі ЖБК з Бабруйска скардзяцца на падрадчыка, які парушыў умовы дагавору. Грошы атрымаў, а дом не гатовы да засялення. 108 сем'яў, у тым ліку шматдзетных, які год чакаюць наваселля. А вось яшчэ адна гісторыя - зараз ужо ад ашуканых дольшчыкаў з Мінска.


Дольшчыкі, якія сталі ахвярамі ашуканцаў, спрабуюць знайсці праўду. Толькі чамусьці ўжо ў кабінеце старшыні Камітэта дзяржкантролю. Слушнае пытанне ў адрас прадстаўніка ўлады.


Адказ быў невыразны. Аднак рашэннем пытання ўсё ж прыйдзецца займацца. І ў самы найбліжэйшы час. Прэзідэнт на нядаўняй нарадзе з кіруючымі кадрамі вызначыў тэрміны рашэння праблем.

Ліквідаваць усе даўгабуды - задача нялёгкая. І выканаць яе можна толькі ў тым выпадку, калі ёю будуць займацца не толькі кантралёры і Адміністрацыя Прэзідэнта.


Аляксандр Якабсон, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі: Мы зараз, безумоўна, узмацнім жорсткасць сваёй пазіцыі як органа кантролю да адказных на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад праектыроўшчыкаў, падрадчыкаў, заказчыкаў, і самае галоўнае, да органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Гэта іх непасрэдны абавязак і адказнасць, таму што ўсё, што на іх тэрыторыі, - за гэта адказныя органы кіравання. І ў шматлікіх выпадках яны нядобрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў.

У краіне не засталося ніводнага няўлічанага праблемнага дома. Іх 88. Не надта ўжо і шмат. Але задача яшчэ і ў тым, каб, пакуль ліквідуюць старыя даўгабуды, не выраслі новыя.