Першы беларускі электрамабіль ужо напалову сабраны

1 июня 2017

Эксперты сцвярджаюць - зялёная энергетыка паступова выцесніць традыцыйныя аўтамабілі. Першы беларускі электрамабіль ужо сабраны напалову. Яго кузаў вырабляюць на сумесным беларуска-кітайскім заводзе, камплектуючыя - распрацоўка нашых навукоўцаў. Зараз у электракары імпартная толькі батарэя. Але і яе з часам плануюць выпускаць у нас. Праца ідзе ў рэжыме нон-стоп, каб беларускі е-мабіль можна было тэставаць ужо гэтым летам.

Эксклюзіўныя кадры зборкі экалагічнай машыны - ва Улады Карніцкай. Аб тым, што неўзабаве па нашых дарогах будзе ездзіць электрамабіль уласнай вытворчасці, стала вядома яшчэ ў канцы мінулага года. Крыху пазней стала вядома - экалагічнае аўто беларусы ўбачаць летам 2017.

Вось ён - першы беларускі электрамабіль. Збіраць яго пачалі яшчэ ў сакавіку. І зараз ён гатовы толькі напалову. Але ў ім ужо ўсталявана самая асноўная дэталь любой машыны - рухавік. А яшчэ батарэя. І ўжо нават ёсць зарадны порт. Праўда, пакуль не на сваім месцы.

Аснова першага доследнага ўзору - серыйнае бензінавае аўто, што выпускаецца на беларуска-кітайскім прадпрыемстве.

Па сутнасці, яго зараз пераабсталююць у электрамабіль. Усе камплектуючыя ўжо ёсць, прычым амаль усе нашай вытворчасці, у тым ліку галоўныя - інвертар, рэдуктар, сістэмы кіравання і цягавы электрарухавік.

Перш чым пачаць зборку, камплектацыю навукоўцы падбіраюць на камп'ютары. У гэтым цэнтры віртуальны электрамабіль ужо стварылі цалкам. Зараз дапрацоўваюць дэталі і толькі пасля ўвасабляюць у жалезе.

Пры гэтым электрамабілі практычна не патрабуюць абслугоўвання, да таго ж могуць прынесці значную выгаду не толькі вадзіцелям, але і краіне ў цэлым.

Пасля пуску АЭС у Астраўцы эканомія стане відавочнай, а выгаду для прыроды падлічыць і зусім немагчыма. Серыйная вытворчасць беларускіх экалагічных машын выведзе нашу прамысловасць на новы ўзровень.

Вось так у выніку будзе выглядаць доследны ўзор электракара. Да 100 кіламетраў ён будзе разганяцца за 9 секунд. Але гэта пакуль. Дапрацоўваць яго плануюць ужо пасля выпрабаванняў. Дарэчы, яны пачнуцца ўжо гэтым летам на вось гэтым палігоне недалёка ад Мінска. Такіх пляцовак у СНД усяго 2.