У Беларусі навігацыя сёлета пачалася значна раней

30 марта 2016

Буксіры з баржамі і цеплаходы з пасажырамі. У Беларусі навігацыя сёлета пачалася значна раней. Першыя грузы адправіліся ўжо ў пачатку сакавіка. Спецыялісты тлумачаць гэта спрыяльнымі пагоднымі ўмовамі.

Як адкрывалася навігацыя, на што спадзяюцца капітаны караблёў і чым жыве беларускае параходства - у рэпартажы Аляксея Немава. У гомельскім порце працы зараз нямала. Капітаны караблёў спяшаюцца скончыць падрыхтоўку суднаў. Мяккая зіма і ранняя вясна дазволілі адкрыць навігацыю сёлета на месяц раней за звычайнае. Перад тым як судну пакінуць порт, на кожны з маршрутаў выходзяць эксперты Белвадпуці.

Тут усё, як на аўтамагістралях, ёсць свае правілы і абмежаванні. Напрыклад, буйкі замяняюць разметку, а знак з перакрэсленым якарам забараняе стаянку. Хутчэй за ўсё, тут пад слоем вады і пяску праходзіць пуцеправод або пракладзены кабель.

Праверка адпаведнасці глыбіні - адна з асноўных задач інспектараў. Актуальнасць гэтага пытання пацвердзіў мінулы год, які стаў для Беларускага рачнога параходства адным з самых няпростых. З-за абмялелых рэк тады практычна спыніліся грузаперавозкі, а судны і зусім не выйшлі з порта.

Якім будзе ўзровень вады гэтым летам, спецыялісты адназначна адказаць не могуць. Аднак, гавораць, ёсць усе перадумовы да таго, што рэкі будуць суднаходнымі.

Белыя палосы на апорах моста паказваюць найвышэйшы ўзровень вады. Гістарычны максімум тут быў дасягнуты ў 1931 годзе. Тады ўзровень Сожа падняўся да 8 з паловай метраў.

8 рачных філіялаў Беларускага рачнога параходства, сярод якіх і Гомель, у гэтым сезоне гатовыя працаваць з поўнай загрузкай. Пакуль асноўную долю перавозак складае будаўнічы пясок.

Істотная крыніца прыбытку для параходства і транспарціроўка буйнагабарытных грузаў. У гэтым сегменце рачнікі па-за канкурэнцыяй. Напрыклад, абсталяванне для Мазырскага НПЗ і атамнай станцыі, якая будуецца, можна было даставіць толькі па рацэ.