Мінск стаў пляцоўкай для правядзення вялікага эканамічнага форуму

29 сентября 2016

Стратэгію прыцягнення замежнага капіталу ў эканоміку Беларусі вызначаюць гэтымі днямі ў Мінску. Сталіца ўпершыню стала пляцоўкай правядзення вялікага эканамічнага форуму, прысвечанага інвестыцыйнай палітыцы краіны.

Апошні час эканамічныя ўлады неаднаразова заяўляюць, што інвестыцыі - адзін з прыярытэтаў у развіцці Беларусі. Яны забяспечваюць мадэрнізацыю эканомікі, прыўносяць апошнія ноу-хау ў вытворчасць і спрыяюць стварэнню новага прадукту. Але эксперты падкрэсліваюць: Беларусь павінна пераходзіць на новы этап інвестыцыйнай працы - ад крэдытных пазык да прыцягнення прамых замежных інвестыцый. З пляцоўкі сталічнага форуму рэпартаж Вольгі Анішчанкі.

Дзясяткі краін свету - ад Амерыкі да Усходняй Азіі, кампаніі з гучным імем, значныя фігуры фінансавага свету. Мінскі форум прымае прапановы інвестараў з шырокай міжнароднай прапіскай. Як пацвярджэнне: у інвесткалендары Беларусі наступіла вясна.

Градус кантактаў паміж беларускім і замежным бізнесам сапраўды прыкметна вырас, канстатуюць і замежныя госці. Спрыяльны палітычны фон спрыяе цесным эканамічным сувязям. І хай умовы для ўкладанняў у эканоміку сёння не ідэальныя, еўрапейскія аналітыкі заўважаюць намаганні Беларусі наладзіць фінансавы дыялог на міжнароднай арэне.

Томас Міраў, старшы саветнік Rothschild Group, экс-прэзідэнт ЕБРР: "Беларусь пачала актыўную працу з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі. І гэта вялікі плюс для краіны. Гэта стварае давер буйных інвестараў".

Пра новы ўзровень даверу ў Мінску гавораць і еўрачыноўнікі, абяцаючы садзейнічанне ў прыцягненні замежнага капіталу. Зараз у працы шэраг партнёрскіх пагадненняў. Але аб'ёмы фінансавання - а сёння размова аб 30 млн. еўра - не канчатковая лічба.

Васіліс Магарас, кіраўнік аддзела генеральнага дырэктарата па суседстве і перамовах аб пашырэнні Еўракамісіі: "Даволі высокая цікавасць да беларускай прамысловасці, перапрацоўкі, інфраструктурных праектаў. Але павінна быць сумесная праца па паляпшэнні інвестклімату ў краіне. Гэта, дарэчы, у цэлым умацуе беларускую эканоміку".

Беларусь, дарэчы, са свайго боку падрыхтавала пералік кірункаў, пазначыўшы прыярытэты інвестпрысутнасці ў краіне. Усе праекты - ад банкаўскага сектара да нафтахіміі і дарожнага будаўніцтва - гатовыя даручыць буйному капіталу на новых умовах.

Сёння гутарка і аб стратэгічных інвестыцыях для прадпрыемстваў краіны. Пілотны праект прыватызацыі падтрымае Сусветны банк. У распрацоўцы 8 кампаній. І яшчэ столькі ж спіс дапоўняць. Аб падрыхтоўцы гавораць толькі сектаральна: харчовая, лёгкая, хімічная прамысловасць. Галоўнае, падыход не будзе стандартным. У аснове - эфектыўная прыватызацыя.

Чаканні арганізатараў форуму гэтымі днямі звязаны ў першую чаргу з новым узроўнем узаемадзеяння з дзяржсектарам Беларусі, а таксама больш камфортным фінансаваннем праектаў. Па-ранейшаму высокая цікавасць не толькі да больш даступных пазык на развіццё, але яшчэ і доўгатэрміновых крэдытаў. Бо сёння атрымаць доўгія грошы - а менавіта рэсурсы на працяглы тэрмін - на ўнутраным рынку вельмі цяжка.

Па выніках форуму ў Беларусі з'явіцца дарожная карта па паляпшэнні інвестклімату. Прасцей кажучы, рэкамендацыі ад замежных інвестараў і прыватнага бізнесу краіны. Урад арыентуюць: карэкціраваць эканамічную палітыку прыйдзецца з улікам прапаноў. Але ўжо сёння ў кулуарах форуму падкрэсліваюць: інвестару патрэбны дакладныя гарантыі правоў уласнасці.