Мінск і Душанбэ - стратэгічныя партнёры. Адпаведны дакумент падпісалі прэзідэнты Беларусі і Таджыкістана

30 июня 2019

На гэтым тыдні ў Мінску прымалі яшчэ аднаго высокапастаўленага госця. Афіцыйны візіт лідара Таджыкістана прыпаў на фінальныя дні спаборніцтваў ІІ Еўрапейскіх гульняў. І сёння Эмамалі Рахмона мы таксама ўбачым на цырымоніі закрыцця спартыўнага форуму.

А днямі раней кіраўнікі дзяржаў правялі перамовы ў Палацы Незалежнасці. Усё максімальна дакладна пазначылі самі лідары: акцэнт на эканоміку. Лічбу ўзаемнага гандлю трэба тэрмінова памнажаць. А для гэтага ёсць і бліскучыя палітычныя адносіны, і новы ўзровень узаемадзеяння. З гэтага часу Мінск і Душанбэ -  стратэгічныя партнёры. Адпаведны дакумент падпісалі асабіста абодва прэзідэнты. 

Сімвалам росквіту адносін паміж краінамі ў прамым сэнсе стануць сады беларуска-таджыкскага сяброўства ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Змяняецца клімат, ды і крызісныя праявы ў свеце заносяць свае карэктывы, таму краіны шукаюць новыя формы супрацоўніцтва. Стаўка зробленая і на прамысловую кааперацыю. У Гісары ўжо збіраюць нашы трактары і шырокую лінейку сельгастэхнікі. У пачатку года запусцілі і сумеснае прадпрыемства па выпуску малочнай прадукцыі. Забяспечым рынак не толькі Таджыкістана, але і сумежных краін, у прыватнасці, Афганістана. Для гэтага запусцяць яшчэ адзін такі завод.

Яшчэ адзін перспектыўны кірунак - пастаўкі грузавой і спецыяльнай тэхнікі. З двума гігантамі айчыннага аўтапрама МАЗам і БелАЗам ідуць перамовы пра закупку аўтобусаў і кар'ерных самазвалаў. Душанбэ зараз актыўна абнаўляе пасажырскі і камунальны транспарт. На вуліцах сталіцы ўжо можна сустрэць першыя тралейбусы брэнда "Белкамунмаш". Яшчэ 150 адзінак будуць пастаўленыя на працягу некалькіх гадоў - дамова ўзгодненая. Ідуць перамовы і з Мінскім вагонарамонтным заводам пра закупку новых пасажырскіх вагонаў.