Беларусь і Польшча зоймуцца папулярызацыяй Аўгустоўскага канала

31 августа 2017

Беларусь і Польшча будуць разам працаваць над папулярызацыяй брэнда Аўгустоўскага канала. Пра гэта стала вядома падчас сустрэчы дэлегацыі сейма Польшчы і кіраўніцтва Гродзенскай вобласці. За восем месяцаў гэтага года турыстычны аб'ект без віз наведалі 35 тысяч турыстаў, сярод іх 13 тысяч - гэта госці з Польшчы. Дэлегацыя сейма таксама пабывала на прадпрыемствах свабоднай эканамічнай зоны "Гроднаінвест", азнаёмілася са стратэгіяй развіцця сумеснага беларуска-польскага прадпрыемства.

Рышард Цярлецкі, віцэ-маршал сейма Польшчы:

"Эканамічныя кантакты паміж Польшчай і Беларуссю ўзмацняюцца. Так, апошні час узаемны тавараабарот вырас на 8 %. Але відавочна, што яшчэ ёсць нерэалізаваны патэнцыял. У прыватнасці, сёння на прыкладзе беларуска-польскага прадпрыемства ў Лідзе мы ўбачылі, што ў Беларусі створаны спрыяльныя эканамічныя ўмовы для польскіх інвестараў".

Гродзенская вобласць гатовая прапанаваць польскім калегам магчымасць інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў сферы лагістыкі, вытворчасці, рэалізацыі праектаў па стварэнні энергаёмістых вытворчасцяў.