Маштабная дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" пачала падарожжа па краіне

14 декабря 2019
Час, калі адбываюцца цуды і выконваюцца самыя запаветныя жаданні. Напярэдадні навагодніх свят сапраўдную казку ствараюць для маленькіх беларусаў. Маштабная дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" пачала падарожжа па краіне. Ужо амаль чвэрць стагоддзя марафон дабра аб'ядноўвае неабыякавых людзей. Асаблівую ўвагу яны надаюць тым, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Гэта выхаванцы дамоў-інтэрнатаў, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Туды, дзе казка ажывае, адправілася Вольга Маслоўская. 

"Наша залатая рыбка" - так кажуць пра Варвару Брык трэнеры. І сапраўды, у 11-гадовай прыхільніцы таленту Аляксандры Герасімені ўжо другі дарослы разрад па плаванні, і яна ўжо ведае смак перамогі - толькі гэты год прынёс ёй поўны камплект узнагарод на абласных спаборніцтвах.

Запомніцца адыходзячы год і Уладзіславу Філіпенку. Сёлета яго распрацоўка прынесла першае месца ў рэспубліканскім конкурсе інавацыйнага майстэрства HI-TECH. А сёння на святочнай сцэне яму ўручаюць сертыфікат стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. 

Самыя таленавітыя, крэатыўныя і жыццялюбівыя хлопчыкі і дзяўчаткі сабраліся разам, каб даць пачатак акцыі “Нашы дзеці” ў Аршанскім раёне. Акрамя дыпломаў і грамат - падарункі, гульні і канцэрт. Добры святочны настрой не пакіне да самага Новага года. 

У найбліжэйшы месяц у Аршанскім раёне адбудзецца больш за сотню дзіцячых ранішнікаў, флэшмобаў і добрых сустрэч. Шэсць школьнікаў паедуць у сталіцу на рэспубліканскую ёлку, 70 запрошаны на губернатарскую ёлку ў Віцебск. 

Да добрых спраў на тыдні далучыліся і навучэнцы трэцяй Віцебскай гімназіі імя Аляксандра Пушкіна. Дзеці прынеслі падарункі, якія пасля перададуць аднаму з сацыяльных прытулкаў Віцебска. А вось старшакласнікі да пачатку акцыі "Нашы дзеці" падышлі крэатыўна. Валанцёры Рэспубліканскага саюза моладзі зладзілі танцавальны флэшмоб. Далучыліся да іх адразу некалькі дзясяткаў школьнікаў з малодшых класаў. 

У Віцебскай вобласці падчас навагодняй рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" пройдуць каля сотні мерапрыемстваў. Кульмінацыяй стане абласное дабрачыннае свята 27 снежня. У канцэртнай зале "Віцебск" збяруцца пераможцы і лаўрэаты алімпіяд, актывісты, дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сямей, сіроты. Усяго каля 950 чалавек з усёй вобласці. Кожны атрымае падарунак ад кіраўніцтва рэгіёна.