Што малявалі на вайне. Работы франтавых мастакоў дэманструюцца ў Музеі Вялікай Айчыннай

22 сентября 2020
Экспазіцыя з двух фондавых збораў - беларускага музея і Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве. Усе творы ствараліся на франтах і ў партызанскіх атрадах. Многія выстаўляюцца ўпершыню. Што малявалі  мастакі, раскажа Алена Борматава.

45 графічных твораў перыяду Вялікай Айчыннай. Шэсць мастакоў - франтавыя і партызанскія 

Работы, якія больш падобныя на рэпартаж. Толькі замест фотаапарата ў салдат быў нататнік і аловак. Бо мастакі ў гады вайны не мелі майстэрань, гэта былі байцы, якія хадзілі на заданне і ваявалі ў акопах. 
Гісторыя аднаго з партызанскіх мастакоў непарыўна звязана з гісторыяй самога музея. Адзін з першых штатных мастакоў - Леанід Бойка. Прозвішча, вядомае многім супрацоўнікам і не толькі ў Беларусі. Пасля вызвалення ён некаторы час працаваў у Маскве, афармляў газеты і часопісы, у тым ліку "Партизанскую дубинку". Многія  з калег нават не здагадваліся, што гэта яго несапраўднае імя. Насамрэч яго звалі  Абрам Разенштэхер. На вайну ён прызываўся з тэрыторыі Украіны, трапіў у палон і разумеў, што яўрэю ў лагеры не выжыць. Таму назваўся Леанідам Бойкам. Пасля пад гэтым імем быў адным з байцоў партызанскага фарміравання "Разгром". Дзякуючы яго малюнкам зараз многія гісторыкі вывучаюць жыццё партызанскага лагера.

Усяго ў фондах беларускага Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны больш  чым 3 тысячы графічных і акварэльных малюнкаў, створаных франтавымі мастакамі. 

Практычна кожны падпісаны. Вось атрад ідзе на заданне, вось партызанскія майстэрні, а тут савецкі салдат сваім пайком корміць хлопчыка. 

Другая частка экспазіцыі - гэта работы дзесяці мастакоў з фондаў Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве

Фатаграфіі гэтых работ. Арыгіналы засталіся ў фондах. Але графіка і на такім носьбіце сваёй якасці не страчвае. Каля тысячы членаў Саюза мастакоў Савецкага Саюза пайшлі на вайну. Кожны з іх не пераставаў  маляваць. Тут работы перыяду Вялікай Айчыннай, часта створаныя за некалькі хвілін да бою.