Затрымана злачынная група, якая падазраецца ў сачэнні за людзьмі

29 октября 2015

Сцэнарый гэтай справы не саступае сюжэтам кінастужак. Аднак для многіх простых беларусаў аказаўся рэальнасцю. Затрымана злачынная група, якая падазраецца ў сачэнні за людзьмі. Гучную спецаперацыю правялі супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі нашай краіны. Як стала вядома, тры гады злачынцы праслухоўвалі памяшканні, тэлефонныя перамовы. Яны ўзломвалі электронную пошту, акаўнты ў Skype, Viber і WhatsUp. Акрамя таго, вялі маніторынг сацыяльных сетак.

Ужо канкрэтна вядома, што пад удар злачынцаў трапілі топ-менеджары дзяржаўных і прыватных кампаній, журналісты, прадстаўнікі міліцыі і МНС.

Грошы за такія паслугі атрымлівалі праз адмысловую схему пераводаў, выкарыстоўваючы электронныя кашалькі.

Падрабязнасці гучнага скандалу ў рэпартажы Уладзіміра Каралёва.

Праслушка, электронны ўзлом, сачэнне - гэтыя хлопцы адкрыта загуляліся ў дэтэктываў. На вашых экранах аператыўнае відэа затрымання аднаго з падазроных. У абход законаў ён па заказе галоўнага фігуранта гэтага гучнага скандалу займаўся вырабам сродкаў для тайнага атрымання інфармацыі, якія дазвалялі звычайным людзям адчуць сябе спецагентам.

Тры гады дзейнічала злачынная група. Для іх фактычна не існавала перашкод, кожны мог аказацца пад прыцэлам - ад сямейных скандалістаў да дзяржаўных службоўцаў. На справе так і атрымалася. Паводле інфармацыі КДБ, адбоя ад кліентаў у прадпрымальных хлопцаў не было, бо яны фактычна сталі манапалістамі на гэтым спецыфічным рынку.

Дзмітрый Пабяржын, начальнік прэс-службы КДБ Беларусі: "У выніку праведзеных мерапрыемстваў затрыманы арганізатары злачыннай дзейнасці. Праведзена больш за 80 вобыскаў. Усталяваны амаль паўтары тысячы заказчыкаў незаконных паслуг. Супрацьпраўныя мерапрыемствы праводзіліся ў дачыненні да больш як 2 тысяч грамадзян Беларусі. Сярод іх намеснік начальніка аднаго з РУУС горада Мінска, прадстаўнік кіраўніцтва Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, супрацоўнікі Следчага камітэта, журналісты дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, прадстаўнікі мытных органаў, вайскоўцы, а таксама кіраўнікі і прадстаўнікі органаў улады і кіравання, дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў".

Ужо праведзена больш за 80 вобыскаў. Устаноўлены паўтары тысячы заказчыкаў незаконнай праслушкі. І паводле звестак КДБ, толькі за апошнія суткі ў дачыненні да заказчыкаў было ўзбуджана больш за 20 крымінальных спраў. Праслухоўванне памяшканняў, тэлефонных перамоў, узлом электроннай пошты, акаўнтаў Skype, Viber, WhatsApp, сацыяльных сетак. Задавалася, утаіць ад іх немагчыма ніякую інфармацыю. Напрыклад, за вызначаную плату можна было прымусіць тэлефон перадаваць інфармацыю, а знаходзіцца апарат мог, напрыклад, у кабінеце следчага. Пры гэтым гаспадар нават не падазраваў, што яго мабільнік працуе супраць яго.

Гэта дзяўчына праслухоўвала перамовы свайго нядобранадзейнага мужа. Хоць і разумела, што гэта незаконна, усё роўна плаціла грошы, каб вывесці здрадніка на чыстую ваду. У адрозненне ад яе намеры іншых заказчыкаў маглі быць не такімі бескарыслівымі.

Дзмітрый Пабяржын, начальнік прэс-службы КДБ Беларусі: "Падчас працы па крымінальнай справе ўносіцца яснасць у характар дзеянняў заказчыкаў незаконных паслуг. Паводле ацэнкі следства, у іх дзеяннях бачны прыкметы складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 203 КК Рэспублікі Беларусь (парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных або іншых перамоў, паштовых, тэлеграфных або іншых паведамленняў".

На вашых экранах затрыманне яшчэ аднаго меркаванага ўдзельніка злачыннай групы. Падчас вобыскаў на працы і дома канфіскавана камп'ютарная тэхніка і спецыяльнае электроннае абсталяванне. Мяркуючы па колькасці валюты, справы ў хлопцаў ішлі вельмі нядрэнна. Канкрэтна вядома, што грошы за свае паслугі яны атрымлівалі праз заканспіраваную схему пераводаў, выкарыстоўваючы электронныя кашалькі.

Затрыманыя ўдзельнікі групы арыштаваны і знаходзяцца пад вартай у СІЗА КДБ. Пакуль за незаконны выраб альбо збыт сродкаў для тайнага атрымання інфармацыі, учынены групай, ім можа пагражаць да 4 гадоў пазбаўлення волі. Аднак у КДБ высвятляюць, ці маюць арыштаваныя адносіны і да іншых злачынстваў.