У Польшчы высвятляюць прычыны аўтакатастрофы з беларускімі турыстамі

25 апреля 2017

Сёння раніцай аўтобус на шашы паміж гарадамі Лодзь і Ловіч з'ехаў у кювет. У салоне знаходзіўся 41 пасажыр і 2 вадзіцелі. Траўмы ў 20 з іх. Паводле апошняй інфармацыі, 2 чалавекі аказаліся заціснутыя пад аўтобусам. Каб іх эвакуіраваць, машыну давялося прыўзнімаць на пнеўматычных рысорах. Адну пацярпелую шпіталізавалі верталётам у бальніцу Варшавы. Пасля абследавання высветлілася, што сур'ёзных траўм яна не атрымала. Астатніх адвезлі ў 7 мясцовых бальніц. Сярод удзельнікаў паездкі дзяцей не было. Выратавальная аперацыя завяршылася да 7 раніцы. Афіцыйную інфармацыю праз некалькі гадзін пасля ДТЗ нашаму каналу распавялі ў прэс-службе паліцыі горада Лодзь.

Інцыдэнт адбыўся сёння ў 3:50 раніцы на шашы па дарозе ў Варшаву. 49-гадовы вадзіцель па невядомай пакуль прычыне з'ехаў з дарогі. Унутры знаходзілася больш за 40 чалавек. 18 чалавек былі шпіталізаваны ў бальніцу Лодзі Мазавецкага ваяводства. Паводле інфармацыі да гэтай хвіліны, 15 з іх застаюцца ў шпіталі. Іх жыццю нішто не пагражае. Стан аднаго ацэньваецца як цяжкі - яго даставілі ў бальніцу з дапамогай верталёта медыкаў. Мясцовыя ўлады забяспечылі пасажыраў усім неабходным. Паліцэйскія зараз апытваюць іх, каб даведацца прычыну катастрофы. На дадзены момант вядома, што вадзіцель аўтобуса быў цвярозым на момант ДТЗ.

Дарэчы, незадоўга да аварыі вадзіцель змяніў свайго напарніка. Таму малаверагодна, што ён мог заснуць за рулём. Сам мужчына растлумачыў, што падчас руху аўтобус стала зносіць на абочыну, і ён не змог выправіць сітуацыю. Большасць пасажыраў у гэты момант спала. Некаторыя з турыстаў перад ДТЗ чулі воплеск. Арганізацыяй паездкі займалася гродзенская турфірма, машыну яна арандавала ў транспартнай кампаніі. І раніцай з Гродна на замену выехаў новы аўтобус. Ён ужо ў Польшчы, і нам удалося звязацца з прадстаўніком кампаніі-перавозчыка.

Паводле апошняй інфармацыі, у бальніцах зараз застаюцца пяцёра беларусаў. Пасля вяртання на радзіму ўсе пацярпелыя атрымаюць кампенсацыю. Польская паліцыя высвятляе акалічнасці інцыдэнту. Вядома, што ноччу быў моцны вецер. Мы сочым за развіццём сітуацыі. Падрабязнасці ў "Панараме".