У Мінску затрыманы мужчына, які нападаў на дзяўчат з нажом

5 февраля 2018

У Мінску затрыманы мужчына, які апошнія месяцы трымаў у страху жыхароў мікрараёна Серабранка. Злачынец, пагражаючы нажом, спрабаваў згвалціць некалькіх жанчын, а таксама абрабаваць іх. У студзені ў лясным масіве на вуліцы Якубава ён згвалціў 18-гадовую мінчанку. Яшчэ дзвюх дзяўчат не паспеў, бо ўмяшаліся прахожыя. Злачынца аператыўнікі затрымалі напярэдадні ноччу.

Наталля Ганусевіч, афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама: "У раённым упраўленні малады чалавек прызнаўся і раскаяўся ва ўчыненым. Супрацоўнікам міліцыі ён растлумачыў, што ўчыняў злачынствы дзеля сексуальнага задавальнення і матэрыяльнага ўзбагачэння. Для таго каб увесці супрацоўнікаў міліцыі ў зман, зламыснік пераапранаўся ў розную вопратку, а бачныя татуіроўкі на целе хаваў элементамі адзення".

Хлопцу 26 гадоў. Падзарабляў на аўтамыйцы. Раней ён ужо быў судзімы за ўхіленне ад воінскай службы. Зараз супраць яго ўзбуджаны адразу дзве крымінальныя справы - за згвалтаванне і злоснае хуліганства.