24 беларусы падазраюцца ў наёмніцтве

13 января 2016

Міністэрства ўнутраных спраў нашай краіны накіравала ў Следчы камітэт матэрыялы па беларусах, якіх падазраюць у наёмніцтве. Усяго 24 чалавекі. Такія звесткі сёння агучылі ў Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Акрамя таго, сталі вядомыя новыя падрабязнасці з жыцця ўдзельнікаў баявых дзеянняў на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей. Напярэдадні была ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да Данііла Ляшука - жыхара Брэста, меркаванага баевіка-наёмніка. Паводле звестак ГУБАЗ, ён можа мець дачыненне і да жорсткіх збіванняў людзей на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Падрабязна Аляксандр Савенка.

Маджахедам назвалі або назваў сябе сам Данііл Ляшук пасля таго, як прыняў іслам. Супярэчлівы хлопец з Брэста надта часта кідаўся ў крайнасці. То прапагандаваў фашысцкія погляды, то ўваходзіў у рух антыфа.

Паводле звестак ГУБАЗ, Данііл адзін час пазіцыянаваў сябе футбольным фанатам. Нібы ўваходзіў у каляфутбольную групоўку "Дынама-Брэст". У той час ён вылучаўся асаблівай жорсткасцю ў разборках - беспадстаўна збіваў людзей. Па факце аднаго такога зверскага збіцця і ўзбуджана крымінальная справа. Пацярпелы - малады чалавек з Івацэвічаў - ледзь не застаўся інвалідам.

Зрэшты ў баевікі маджахед запісаўся па іншай прычыне. Пасля таго, як ім зацікавіліся праваахоўнікі на радзіме, Ляшук збег ва Украіну. Там прыняў удзел у баявых дзеяннях на боку батальёна "Тарнада". Аднак такую дапамогу ад беларуса кіеўскія ўлады таксама не ацанілі.

Аляксандр Азараў, начальнік аддзела ГУБАЗіК МУС Беларусі: "Ляшук зараз знаходзіцца ў горадзе Кіеве, арыштаваны і ўтрымліваеццаа ў СІЗА. Яму інкрымінуюць злачынствы, звязаныя з выкраданнем людзей, здзекаванні і іншыя гвалтоўныя злачынствы, учыненыя над мірнымі жыхарамі Украіны".

Іншая гісторыя. Напярэдадні ў Мінску затрыманы жыхар Брэстчыны, што падазраецца ва ўдзеле ў баявых дзеяннях на боку ДНР і ЛНР. Вось ужо больш за год ён знаходзіўся ў вышуку за нявыплату аліментаў. Узялі яго на вакзале - мужчына вяртаўся дахаты з Расіі.

Аляксандр Азараў, начальнік аддзела ГУБАЗіК МУС Беларусі: "Пры затрыманні ў яго былі выяўлены ўзнагароды з узнагароднымі дакументамі ЛНР і ДНР, якія пацвярджаюць яго ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны, а таксама нашыўкі "Наваросія", батальён "Усход" і іншыя дакументы".

Часта такія госці акрамя ўзнагарод бяруць з сабою на радзіму і трафеі. Дастаткова ўспомніць яшчэ аднаго баевіка, якога не так даўно затрымалі таксама на вакзале ў Мінску. Пры сабе ў мужчыны былі самаробная бомба і пісталет. Праваахоўнікі адзначаюць, што такіх "трафейшчыкаў" апошнім часам стала больш.

Фёдар Балейка, начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама: "Сітуацыя ў свеце складаная, вайна ідзе ва Украіне. Гэта таксама адбіваецца на ўзроўні злачыннасці і, у прыватнасці, у Брэсцкай вобласці. У 3 разы больш мы ўзбудзілі крымінальных спраў, звязаных з незаконным абаротам зброі. 78 крымінальных спраў супраць 21 летась".

МУС пераконвае, што яны валодаюць дастатковай інфармацыяй аб тых беларусах, якія плануюць або ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Украіны для ўдзелу ў баявых дзеяннях. Як правіла, большасць з іх маюць крымінальнае мінулае. Таму характарыстыкі наёмнікаў у будучыя крымінальныя справы ўжо ёсць.

Крыху больш чым за паўгода Галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй сабраны 16 матэрыялаў у дачыненні да 24 беларусаў. Усіх іх падазраюць у наёмніцтве. Зараз матэрыялы перададзены ў Следчы камітэт, вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальных спраў.