Сустрэчу Патрыярха з Папам Рымскім абмяркоўваюць ва ўсім свеце

13 февраля 2016

Да гэтай падзеі была прыкаваная ўвага мільёнаў вернікаў з розных куткоў планеты. Дыялог духоўных лідараў адбыўся напярэдадні на Востраве свабоды. Будынак першага тэрмінала аэрапорта імя Хасэ Марці ў гэты дзень зачынілі для пасажыраў, размясціўшы там усіх журналістаў, якія асвятлялі гэтую гістарычную падзею. Па яе выніках Папам Рымскім Францыскам і Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам была падпісаная дэкларацыя, якая закліквае міжнародную супольнасць згуртавацца ў барацьбе з тэрорам і ўстаць на абарону хрысціянаў Блізкага Усходу.

Расказвае Вадзім Марцішэўскі. Сустрэча тысячагоддзя. Менавіта такімі словамі ў свеце апісалі доўгачаканую сустрэчу Пантыфіка і прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы. Патрыярх Кірыл і Папа Рымскі Францыск сустрэліся на Кубе ў аэрапорце. Да гістарычнай сустрэчы Гавана дасканала падрыхтавалася - узмацнілі меры бяспекі, абсталявалі месцы для прэсы. Падзею асвятлялі некалькі сотняў прадстаўнікоў СМІ. Больш як дзве з паловай гадзіны - гутарка тэт-а-тэт. Вынік гутаркі - падпісанне сумеснай дэкларацыі з 30 пунктаў.

Упершыню з часоў вялікага расколу кіраўнікі дзвюх найбуйнейшых канфесій асабіста абмеркавалі самыя набалелыя рэлігійныя тэмы. Галоўная з іх - абарона хрысціянаў на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, дзе цэлыя сем'і, вёскі і гарады знішчаюцца, а хрысціянскія цэрквы па-варварску руйнуюць і рабуюць. Выцясненне хрысціянаў з Блізкага Усходу - не адзіная тэма гістарычнага дыялогу. Шмат гаварылі аб захаванні традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў у Еўропе, аб сям'і, маладым пакаленні. Не пакінулі без увагі міжнародныя канфлікты, у першую чаргу - ва Украіне, зноў заклікаўшы ўсіх да міру.

Кароткая ў маштабе тысячагоддзя сустрэча двух іерархаў на востраве, свабодным ад розных, у тым ліку рэлігійных, сварак стала знакам для ўсяго свету. Расстаючыся, духоўныя лідары абмяняліся падарункамі. Патрыярх Кірыл уручыў Папе Францыску Казанскі абраз Прасвятой Багародзіцы і сваю кнігу пад назвай "Свабода і адказнасць", якая спецыяльна была выдадзеная на іспанскай мове. Пантыфік паднёс у дарунак прадстаяцелю РПЦ часціцу мошчаў яго нябеснага апекуна свяціцеля Кірыла і чару для прычасця. Абодва падкрэслілі: хай гэта ў гісторыі цэркваў і першая, але, пэўна, не апошняя іх сустрэча.