У Вялікабрытаніі прыспушчаныя дзяржаўныя флагі

25 мая 2017

Сёння ў Вялікабрытаніі ва ўсіх гарадах ушанавалі хвілінай маўчання памяць тых, хто загінуў у тэракце ў Манчэстэры. Дзяржаўныя флагі будуць прыспушчаныя да вечара. Выбух у Манчэстэры прагрымеў на стадыёне "Манчэстэр Арэна" пасля канцэрта амерыканскай спявачкі Арыяны Грандэ. Загінулі 22 чалавекі, у тым ліку дзеці, больш за 60 былі параненыя.

Брытанская паліцыя арыштавала ўжо 8 падазроных. На думку следчых, тэракт быў арганізаваны злачыннай групай. Арыштаваны старэйшы брат падазронага тэрарыста-смяротніка, 22-гадовага Салмана Абедзі, Ісмаіл Абедзі, а таксама яго бацька і малодшы брат. Падчас вобыскаў паліцыя знайшла ў доме выканаўца тэракта цэлую майстэрню па вырабе бомбаў. Паведамляецца, што бацька Абедзі некаторы час працаваў у спецслужбах у Лівіі.