У Грэцыі новы рэкорд

12 апреля 2013

У краіне максімальны ўзровень беспрацоўя за ўсю гісторыю. Паказчык, паводле апошніх  звестак,  перавысіў 27%. І калі ўспомніць 2009 год, калі ў Грэцыі пачаўся бюджэтна-пазыковы крызіс, то з таго часу гэта трохразовы рост беспрацоўя. Што рабіць і хто вінаваты? Андрэй Нікалаенка спрабаваў знайсці адказы.


 


1  мільён 350 з лішнім тысяч чалавек. Шэсць з дзесяці грэкаў ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў сёння непрацаўладкаваныя. І калі сярэдняя лічба па краіне  перавысіла чвэрць працаздольнага насельніцтва, то гэты паказчык сярод моладзі проста зашкальвае -  амаль 60%. Звесткі апрацоўваюцца мясцовай службай статыстыкі з вялікім спазненнем, так што ў красавіку сітуацыя, магчыма, яшчэ горшая. Названая лічба больш чым у два разы перавысіла агульны ўзровень беспрацоўя па еўразоне, што дасягнуў  таксама рэкордных 12%. Раней еўрапейскім чэмпіёнам у гэтым плане лічылася Іспанія, дзе таксама чвэрць насельніцтва аказалася без працы і сродкаў да існавання. 


Грэчаская эканоміка скарачаецца ўжо шэсць гадоў запар, сёлета яна, згодна з прагнозамі, страціць яшчэ 4,5%. Рост беспрацоўя сведчыць аб пагаршэнні ў Эладзе цяжкага фінансавага крызісу і залежнасці краіны ад сродкаў міжнародных крэдытаў. Чарговая дапамога, выдзеленая Афінам восенню 2012 года, не вырашыла праблему. Меры эканоміі, якія прыводзяць да скарачэння выдаткаў у дзяржсектары, павялічваюць  беспрацоўе. Пры гэтым узмацненне падатковага цяжару ўскладняе вядзенне бізнесу, што таксама вядзе да закрыцця прыватных кампаній. Эксперты лічаць, што колькасць беспрацоўных грэкаў будзе толькі расці. Пры такой  траекторыі развіцця эканомікі Грэцыі пагражае не толькі страчанае дзесяцігоддзе, але і страчанае пакаленне, што можа выклікаць яшчэ больш сур'ёзныя негатыўныя палітычныя наступствы  для будучыні дзяржавы.