У Егіпце армія зняла з пасады прэзідэнта

4 июля 2013

А ў Егіпце - перазапуск рэвалюцыі. Армія зняла з пасады прэзідэнта Мухамеда Мурсі. Замест яго часова выконваючым абавязкі кіраўніка дзяржавы прызначаны кіраўнік Вышэйшага канстытуцыйнага суда. Далей будзе сфарміраваны ўрад тэхнакратаў і камітэт па пераглядзе Канстытуцыі. Зараз дзеянне асноўнага закона прыпыненае. Мурсі, супрацоўнікі яго адміністрацыі і шэраг актывістаў Братоў-мусульман арыштаваныя. Вайскоўцы папярэджвалі, што калі ўрад і апазіцыя не змогуць вырашыць сітуацыю, то яны возьмуць справу пад свой кантроль.


Пасля гэтай заявы вуліцы Егіпта адгукнуліся дзесьці радаснымі крыкамі, а дзесьці - праклёнамі. У сутыкненнях сёння ўначы загінулі 14 чалавек. Супрацьстаянне, якое абвастрылася, вылілося і ў эканамічныя страты. Улады шэрагу краін, у тым ліку і Беларусі, рэкамендавалі сваім грамадзянам адмяніць паездкі ў Егіпет. ЗША эвакуіруюць сваіх дыпламатаў, Японія спыняе продаж турпуцёвак у Егіпет.