Пайшоў з жыцця першы прэм'ер-міністр Сінгапура Лі Куан Ю

23 марта 2015

Яго імя стала сімвалам эканамічнага поспеху. Пры ім Сінгапур з краіны трэцяга свету ператварыўся ў адзін з галоўных фінансавых цэнтраў свету, а па ўзроўні жыцця насельніцтва ўвайшоў у тройку сусветных лідараў. Мінулай ноччу пайшоў з жыцця першы прэм'ер-міністр Сінгапура Лі Куан Ю. Ад імя беларускага народа і сябе асабіста спачуванні родным і блізкім, а таксама народу Сінгапура выказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. "Вопыт Лі Куан Ю па будаўніцтве моцнай дзяржавы ў інтарэсах народа з'яўляецца прыкладам для многіх краін свету".

Пра гістарычную асобу рэпартаж Юліі Табалевіч.

Бяспека і дабрабыт Сінгапура былі асноўнымі жыццёвымі і палітычнымі мэтамі палітыка на працягу ўсяго яго жыцця. Лі Куан Ю нязменна кіраваў краінай 31 год - з 1959-га. Ён увайшоў у гісторыю як бацька-заснавальнік сінгапурскага эканамічнага цуду.

Лі Сянь Лун, прэм'ер-міністр Сінгапура: "Не стала першага з нашых бацькоў. Ён натхніў нас, даў нам мужнасць, трымаў нас разам. Ён змагаўся за нашу незалежнасць. Такога, як ён, больш не будзе".

Асаблівых поспехаў Лі Куан Ю ўдалося дамагчыся ў барацьбе з карупцыяй. Сярод самых яркіх заслуг палітыка - стварэнне ў краіне ўмоў для развіцця бізнесу і нястомны клопат аб сацыяльных патрэбах простых сінгапурцаў. У выніку за некалькі дзясяткаў гадоў Сінгапур ператварыўся ў адну з самых квітнеючых, бяспечных і паспяховых дзяржаў планеты. Лепшыя ўніверсітэты, лепшыя школы, адна з лепшых у свеце сістэм аховы здароўя. Народ верыў у яго сацыяльную палітыку.

У лістападзе 1990 года Лі Куан Ю пакінуў прэм'ерскую пасаду і стаў старшым міністрам, а ў жніўні 2004 года заняў пасаду міністра-настаўніка - яна была заснаваная спецыяльна для палітыка. лі Куан Ю - кавалер васьмі ордэнаў, у тым ліку брытанскага рыцарскага ордэна Кавалераў Гонару. Сёння Сінгапур уваходзіць у тройку сусветных лідараў па ўзроўні жыцця насельніцтва. Рэспубліка - трэці па значнасці фінансавы цэнтр пасля Нью-Ёрка і Лондана, лідар у галіне высокіх тэхналогій. За некалькі дзесяцігоддзяў даходы жыхароў выраслі ў 10 разоў. Няма дапамог па беспрацоўі, таму што няма і самога беспрацоўя.

"Урокі Лі Куан Ю" вывучаюць ва ўсім свеце. Словы спачування ў сувязі са смерцю палітыка паступаюць з розных куткоў планеты. У Сінгапуры да шпіталя, дзе памёр Лі Куан Ю, з самай раніцы людзі прыносяць кветкі і свечкі. Разам з сэрцам унікальнага палітыка ў краіне як быццам на імгненне спыніўся і час. Аб'яўлена сямідзённая жалоба.