У Палацы спорту сёння будуць разыграныя першыя медалі ў барацьбе

26 июня 2019

У Палацы спорту ў гэтыя хвіліны ўсё толькі пачынаецца. Тут сёння будуць разыграныя першыя медалі ў барацьбе. Беларусы ў гэтым відзе спорту выступаюць шматлікай камандай. На месцы падзей працуе наш карэспандэнт Андрэй Казлоў, які гатовы падзяліцца апошнімі навінамі. 

Нас чакае вельмі насычаны дзень. Тут, у Палацы спорту, які за сваю гісторыю бачыў барцоў любой велічыні, сёння за медалі пазмагаюцца мужчыны ў чатырох вагавых катэгорыях сярод барцоў вольнага стылю: да 57,  74,  86  і да 125 кілаграмаў. Таксама сёння першы з пяці медальных дзён у рамках спаборніцтваў па барацьбе. 

Дарэчы, перад стартам II  Еўрапейскіх гульняў наша здымачная група зазірнула на алімпійскую базу падрыхтоўкі, што знаходзіцца ў Стайках. Ужо тады мы заўважылі, наколькі канкурэнтаздольныя краіны прыехалі да нас на трэніровачны збор. Спецыялісты, з якімі нам удалося тады пагутарыць, гаварылі, што  турнір барцоў на беларускіх спаборніцтвах збярэ самы статусны склад удзельнікаў, у тым ліку і ў вольнай барацьбе. А старшы трэнер нашай каманды Аляксандр Ласіца  смела заявіў: кожны атлет з Беларусі ў мужчынскай вольнай барацьбе здольны змагацца за ўзнагароды. 

Пагадзіцеся, такія словы не могуць не ўсяляць аптымізму перад медальнымі схваткамі ў Палацы спорту. Папярэднія паядынкі пачаліся раніцай. Час паядынкаў за золата настане сёння ў 18:40.